«Працяг акупацыйнай палітыкі». Расея ўхваліла пагадненне аб вучэбна-баявыях цэнтрах у Беларусі

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін падпісаў закон аб ратыфікацыі пагаднення аб стварэнні супольных з Беларуссю вучэбна-баявых цэнтраў. Эксперт у нацыянальнай бяспецы Аляксандр Казак у каментары «Белсату» назваў гэта «працягам расейскай акупацыйнай палітыкі» ў дачыненні Беларусі.

Лётна-тактычныя вучэнні Узброеных сілаў Беларусі і Расеі на Берасцейскім палігоне. 26 студзеня 2023 года. Фота: Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь / Telegram

«Мэта і сэнс гэтых цэнтраў вельмі простыя: пасіўнае павелічэнне вайсковай прысутнасці Расеі ў Беларусі. Таму чакаецца павелічэнне расейскага кантынгенту ў Беларусі», – сказаў палітолаг, эксперт у сферы нацыянальнай бяспекі Аляксандр Казак.

Ён патлумачыў, што навучальна-баявыя цэнтры найперш датычаць авіяцыі. «Гэтыя цэнтры займаюцца навучаннем у пытаннях авіяцыі, то бок супрацьпаветраная абарона і ўласна авіяцыя, дроны, радыёлакацыйная барацьба. Гэта ўсё мае вялікую ролю ў вайне ва Украіне», – адзначыў адмысловец.

Разам з рэгіянальнаю групоўкаю войскаў такія цэнтры ў будучыні «могуць зрабіцца падмуркам для лагістыкі і разбудовы інфраструктуры для расейскіх войскаў у Беларусі», – заўважыў суразмоўца «Белсату».

Раней Расея адкрыла ў Беларусі вайсковы следчы аддзел Следчага камітэту, а таксама гарнізонную пракуратуру Галоўнай вайсковай пракуратуры.

«Расея працягвае акупацыйную палітыку», – падсумаваў Аляксандр Казак у эфіры «Белсату».

У пагадненні, раней ухваленым Беларуссю, а цяпер – і Расеяй, пазначана, што вучэбна-баявыя цэнтры неабходныя «дзеля супольнай падрыхтоўкі вайскоўцаў, практычнага адпрацоўвання задачаў баявой падрыхтоўкі (баявога дзяжурства) і павышэння ўзроўню зладжанасці і баявой вывучкі».

Адна з мэтаў такіх цэнтраў – «уніфікацыя баявой падрыхтоўкі ўзброеных сілаў» дзвюх краінаў.

Гэтыя базы будуць ствараць у існых вайсковых частках, у якіх канкрэтна, не ўдакладняецца. Дзе яны з’явяцца, колькі там будзе вайскоўцаў, тэрміны фармавання – усё гэта будзе асобна вызначацца міністэрствамі абароны Беларусі і Расеі.

Пра супольныя вучэбна-баявыя цэнтры чыноўнікі ў пагонах загаварылі яшчэ ў 2021 годзе. Паведамлялася, што гэтыя фармаванні з’явяцца ў Гарадзенскай і Ніжагародскай вобласцях, а таксама пад Калінінградам. Плануецца, што на тэрыторыі Беларусі будзе два такія цэнтры, а дзе разгорнуць другі, пакуль не вядома.

Што за навучальна-баявыя цэнтры? Яны ўжо дзеюць, але дамовы паміж Беларуссю і Расеяй яшчэ няма

belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны