Кадыраў пацвердзіў, што прыехаў ва Украіну. Арэстовіч паабяцаў яго знішчыць

Кіраўнік расейскай Чачэніі Рамзан Кадыраў пацвердзіў у сваім тэлеграм-акаўнце, што знаходзіцца ва Украіне. І прыгразіў украінцам.

Рамзан Кадыраў. Фота: ramzan-kadyrov.ru

Паводле яго, ён разам з чачэнскімі баевікамі знаходзіўся ў Гастомелі, а «ў гэты момант яшчэ бліжэй», «можа, мы ўжо ў Кіеве і толькі чакаем патрэбнай каманды».

«Можаце на хвілінку расслабіцца, бо вам не давядзецца нас шукаць, – мы самі вас знойдзем. Ох, нядоўга засталося вам. Лепш здавайцеся і станавіцеся побач з намі, як я ўжо не раз прапаноўваў, ці надыдзе ваш канец», – прыгразіў Кадыраў.

Кіраўнік Чачэніі таксама паведаміў, што ва Украіне знаходзіцца ягоны «дарагі брат», дэпутат Дзяржаўнай думы РФ Адам Дэлімханаў з баевікамі, якія «прайшлі дзве ваенныя кампаніі і шматразова дэманстравалі свае баявыя здольнасці і дух».

Кадыраў заявіў, што ягоныя чачэнцы ля Кіева

«Яго з’яўленне нічога не вырашае»

У сваю чаргу дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч у эфіры тэлемарафона «UA Разом» заявіў, што калі прысутнасць Кадырава будзе пацверджаная пад Кіевам, то Узброеныя сілы Украіны знішчаць яго.

«Яго зʼяўленне нічога не вырашае. Будзе інфармацыя – знішчым. Не выявім інфармацыю – знішчым у наступны раз», – сказаў Арэстовіч.

Паводле яго, у баях з Узброенымі сіламі Украіны расейцы страцілі больш як 30% свайго асабовага складу.

«Яны гінуць, гінуць сотнямі. Каля Марыупалю дакладна 250 забітых, больш за 700 паранены. Страты сапраўды растуць, каля 500-1000 у дзень, але палічыць цяжка. 14-15 тысяч дакладна, але асцярожна кажуць больш як 12 тысяч», – адзначыў Арэстовіч.

Дарадца кіраўніка АП паведаміў, што з 97 уведзеных батальённа-тактычных груп ворага ад 13 да 15 БТГ былі знішчаны цалкам, а 18 былі даведзены да стану адсутнасці баявой гатовасці. З актыўных БТГ ворага застаюцца 65, уцягнутых у баявыя дзеянні.

Афрыканскія салдаты Пуціна гатовыя ваяваць ва Украіне

ПС belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны