Маці Мікалая Лукашэнкі Ірына Абельская, верагодна, увойдзе ў верхнюю палату парламенту – Савет Рэспублікі. Ейную кандыдатуру вылучыў 14 сакавіка Менскі гарадскі савет дэпутатаў. Даведаліся, каго яшчэ чыноўнікі хочуць бачыць сенатарамі.
Усяго вылучаныя васьмёра кандыдатаў. Галоўная доктарка Рэспубліканскага клінічнага медычнага цэнтру Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі Ірына Абельская першая ў спісе, апублікаваным у «Беларусь сегодня».
За ёй – набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі Дзмітрый Баскаў. Цяпер ён кіруе прадстаўніцтвам ТАА «Акумулятарны Альянс», а раней узначальваў федэрацыю хакею Беларусі. Баскава падазраюць у датычнасці да забойства Рамана Бандарэнкі.
Далей – Дзмітрый Жук, дырэктар і галоўны рэдактар установы адміністрацыі Лукашэнкі «Издательский дом «Беларусь сегодня».
Яшчэ ў спісе – дырэктарка менскай гімназіі № 13 Марына Ільіна і галоўны доктар Менскага гарадскога клінічнага анкалагічнага цэнтру Віктар Кандратовіч.
За імі – цяперашняя старшыня Савету Рэспублікі і нязменная прыхільніца Лукашэнкі Наталля Качанава.
Таксама ў сенатары вылучаюць дырэктара Менскага навукова-практычнага цэнтру хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Алега Румо і старшыню Сталай камісіі Савету Рэспублікі ў заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Сяргея Сіўца.
Усяго ў Савеце Рэспублікі 64 сенатары, па восем з кожнай вобласці і Менску. Яшчэ васьмярых прызначае сам Лукашэнка. Паколькі ад Менску абраныя толькі васьмёра кандыдатаў, яны, відаць, і ўвойдуць у Савет Рэспублікі.
Савет Рэспублікі можа прымаць або адхіляць законапраекты, што прымае ніжняя палата парламенту – Палата прадстаўнікоў. Прынамсі, паводле закону можа даваць згоду на прызначэнне прэзідэнтам генпракурора, кіраўніка Камітэту дзяржаўнага кантролю, кіраўніцтва Нацыянальнага банку.
Таксама курыруе працу мясцовых саветаў дэпутатаў і нават можа іх распусціць.
Сярод іншых кампетэнцыяў Савету Рэспублікі – ініцыяванне законаў.
Арсен Рудэнка belsat.eu