Аптымістычныя прагнозы ўраду і жорсткая рэчаіснасць. Якая будучыня чакае будаўнічую галіну

Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры запланавала пабудаваць сёлета 4,2 млн квадратных метраў жытла. Гэтая лічба практычна не адрозніваецца ад тых, што былі апошнія некалькі гадоў. Але эксперты ў размове з «Белсатам» лічаць планы чыноўнікаў вельмі аптымістычныя. Сёлета сітуацыя значна адрозніваецца ад мінулагодніх.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Белсат

Летась у Беларусі пабудавалі амаль 4,4 млн квадратных метраў жылля. Сёлета запланавалі пабудаваць каля 4,2 млн. Але эканоміка нашай краіны ў бягучым годзе працуе ва ўмовах заходніх санкцыяў і расейскай агрэсіі супраць Украіны.

Выглядае, што чыноўнікі разумеюць рызыкі. Прынамсі 11 сакавіка Савет Міністраў апублікаваў комплексны план падтрымання эканомікі. Вось толькі дакумент выглядае як спіс заданняў. У прыватнасці, у будаўнічай галіне разглядаецца ўвядзенне карэктавання коштаў на будаўніцтва аб’екту, зніжэнне адказнасці за парушэнне тэрмінаў пастаўкі матэрыялаў і выканання працы, а таксама, каб захаваць абʼёмы, у першую чаргу будуць будаваць жытло для грамадзянаў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў.

«Я не вельмі веру, што ўладам удасцца захаваць аб’ёмы жыллёвага будаўніцтва, якія былі ў мінулых годзе. Рэч у тым, што галоўная крыніца фінансавання – бюджэт. Другая частка грошай паступае ад грамадзянаў. І мне падаецца, што сёлета ні бюджэту, ні ўласных сродкаў людзей проста не хопіць на будаўніцтва, і прыйдзецца яго скарачаць», – кажа эканаміст Леў Марголін.

Жытло будзе дасяжнае толькі для сілавікоў

Эксперт нагадвае, што акрамя грошай, сёлета праблемай стане і вытворчасць будаўнічых матэрыялаў, якая істотна залежыць ад імпарту. Многія будаўнічыя сумесі і бетонныя вырабы ствараюцца з прымяненнем імпартных пластыфікатараў, а ў бягучым годзе будзе недахоп іх праз санкцыі.

«Пастаўкі стануць даражэйшымі, бо прывезці наўпрост з Еўропы не атрымаецца, прыйдзецца шукаць іншыя шляхі. А зразумела, што везці з Італіі ў Беларусь – гэта каля 2,5 тысячы кіламетраў, а везці з Італіі ў нашую краіну праз, напрыклад, Турэччыну, Расею, Азербайджан, то шлях стане ў два разы даўжэйшым. Зразумела, што і кошты вырастуць. Таму планы ўрадоўцаў – добрая міна пры кепскай гульні», – кажа Леў Марголін.

Паводле прагнозу эксперта, галіну чакае заняпад. У мінулым беларускія будаўнікі ездзілі ў Расею, шукалі замовы там, то сёлета таксама гэтага не атрымаецца. У Расеі будаўнічы рынак таксама чакае спаду. А яшчэ некаторыя нашыя фірмы мелі замовы і працавалі ва Украіне, нагадвае Леў Марголін. Сёлета ж гэты рынак для Беларусі выключаны. Таму сітуацыя не вельмі аптымістычная, нягледзячы на ўсе высілкі чыноўнікаў.

«У эканоміцы ёсць каэфіцыент мультыплікацыі, а гэта значыць, што кожны рубель, інвеставаны ў пэўную галіну, выклікае ланцуговую рэакцыю, і задзейнічаюцца іншыя галіны. Дык вось будаўніцва ў гэтым плане застаецца даволі важным аспектам эканомікі. Бо каб будаваць, трэба вытворчасць матэрыялаў, абсталявання, гэта таксама дае заробкі людзям у іншых шматлікіх галінах. Таму ўлады прыкладваюць намаганні, каб захаваць сітуацыю, але гэтыя магчымасці сёлета будуць абмежаваныя», – прагназуе Леў Марголін.

Не «Менск Светам» адзіным. Дзе яшчэ можна знайсці кватэры з цэннікам «па тысячы»?

Перадзел будаўнічай галіны

Увогуле будаўнічая галіна ў Беларусі за апошнія гады істотна змянілася. Рынак забудоўнікаў цалкам перафарматаваўся. Сёння ў сталіцы бадай адзіным гульцом засталася ЗАТАА «Dana Astra», кампанія, якая належыць сербскай сямʼі Карычаў. Гэтыя прадпрымальнікі – блізкія да Аляксандра Лукашэнкі. Менавіта гэтым і тлумачыцца, што ў Менску «Dana Astra» атрымала больш за 400 гектараў зямлі коштам каля $ 1 млрд. Цяпер кампанія будуе комплекс «Менск Свет», які застаецца самым буйным інвестыцыйным будаўнічым праектам у беларускай сталіцы.

Летась сербскія забудоўнікі сталі прадметам расследавання Цэнтру расследавання карупцыі і арганізаванай злачыннасці (OCCRP).

Будаўніцтва жылога комплексу «Менск Свет». Раней на гэтым месцы быў аэрапорт. 8 лютага 2021 года. Фота: ТК / Белсат

Але нягледзячы на абвінавачванні ў карупцыі, «Dana Astra» працягвае зарабляць у Беларусі, а іншыя фірмы не маюць магчымасці працаваць на роўных, распавялі «Белсату» на ўмовах ананімнасці прадстаўнікі прыватных будаўнічых кампаніяў Менску.

«Галоўны падрадчык будаўніцтва – вядомая фірма «Dana Astra». Цікава, што сама «Dana Astra» практычна нічога не робіць. Кампанія атрымлівае зямлю, права на будоўлю, а потым наймае субпадрадчыкаў, якія і выконваюць працу. На прыкладзе зямлі каля аэрапорту ўвогуле ўсё вельмі цікава. Дзяржава за бюджэтныя сродкі цалкам добраўпарадкавала ўчастак, падрыхтавала для будаўніцтва. Там выдаткаў у фірмы няма ніякіх, яны атрымліваюць толькі чысты прыбытак за кошт працы іншых кампаніяў», – кажа ўласнік менскай будаўнічай фірмы.

Паводле будаўніка, іншыя буйныя забудоўнікі, такія, напрыклад, як «Маналіттрансбуд», цяпер могуць працаваць у Менску выключна на субпадрадзе. Раней яны самыя бралі аб’екты, цалкам узводзілі дамы, але апошнія гады цалкам залежаць ад «Dana Astra».

«Будаўніцтва на «халяўных» участках». Расследаванне «Белсату»

belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны