Беларускія вайскоўцы прайшлі падрыхтоўку да спецыяльнага выкарыстання штурмавікоў Су-25

Беларускія вайсковыя лётчыкі і інжынеры наземнай службы прайшлі дападрыхтоўку да выкарыстання на штурмавіках Су-25 спецыяльных боепрыпасаў. Аб гэтым паведамляе прэсавая служба Міністэрства абароны РБ.

Неназваны вайсковец расказвае пра магчымасць выкарыстання спецыяльных боепрыпасаў са штурмавікоў Су-25. Скрыншот з відэа ВоенТВ / Telegram / modmilby

14 красавіка вайсковае ведамства Беларусі паведаміла, што лётны і інжынерна-тэхнічны склад вайскова-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі завяршылі дадатковую падрыхтоўку ў межах праграмы эксплуатацыі і баявога выкарыстання штурмавікоў Су-25.

«Падрыхтоўка ўключала як тэарэтычны курс, так і практычныя заняткі пад кіраўніцтвам вопытных расейскіх інструктараў, што дазволіла не толькі палепшыць практычныя навыкі лётнага складу, але і асвоіць новыя спосабы прымянення сучасных авіяцыйных сродкаў паражэння, у тым ліку спецыяльных боепрыпасаў», – гаворыцца ў паведамленні.

Паведамляецца таксама, што вайскоўцы засвоілі праграму падрыхтоўкі «ў поўным абʼёме», а атрыманыя веды і ўменні «паслужаць гарантаванню ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы».

Адметна, што на размешчаным у тэлеграм-канале Міністэрства абароны відэа аб праграме дападрыхтоўкі расказвае чалавек у форме вайсковага пілота, імя якога не называецца, а акуляры на лётным шлеме хаваюць ягоны твар.

Раней міністр абароны Віктар Хрэнін заявіў, што Беларусь будзе сама распараджацца тактычнай ядравай зброяй, якая можа быць завезеная на тэрыторыю краіны з Расеі. Ён таксама згадваў і тое, што беларускае войска мае самалёты і іншую баявую тэхніку і зброю, здольную несці ядравыя баявыя набоі, а вайсковыя спецыялісты завяршаюць адпаведную падрыхтоўку. Таксама вайсковы начальнік прыгразіў Захаду размяшчэннем стратэгічнай ядравай зброі ў Беларусі.

Міністр абароны Хрэнін – Захаду: На сілу будзем адказваць толькі сілай

Як перадаваў «Белсат», 15 кастрычніка 2022 года намеснік кіраўніка дэлегацыі Расеі ў ААН Канстанцін Варанцоў заявіў, што Беларусь атрымае ад Расеі комплексы «Іскандэр-М» двайнога прызначэння, а таксама частку беларускіх самалётаў Су-25 у Расеі пераабсталююць пад магчымасць несці ядравую зброю. Цікава, што тады Варанцоў казаў: «На гэтым этапе гаворка вядзецца выключна аб перадачы Рэспубліцы Беларусь комплексаў «Іскандэр-М» двайнога прызначэння з ракетамі ў звычайным рыштунку, а таксама наданні часткі беларускіх самалётаў Су-25 тэхнічнай магчымасці несці ядравую зброю. Пры гэтым перадаваць Беларусі тэхналогіі для пераабсталявання самалётаў у носьбіты ядравай зброі не прадугледжваецца».

У сваю чаргу, Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у Маскве 17 лютага 2023 года заяўляў аб тым, што Беларусь гатовая наладзіць уласны выраб самалётаў-штурмавікоў Су-25.

Антон Тачняк belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны