«Бяруць усіх». Колькі замежнікаў навучаецца ў Беларусі, і колькі яны прыносяць краіне грошай

У Беларусі, куды ўсё складаней дабірацца з-за мяжы, расце колькасць замежных студэнтаў. Паводле падлікаў Міністэрства адукацыі, у нашых ВНУ 33 тысячы замежнікаў. Першае месца займаюць кітайцы. А вось туркмены, якія шмат гадоў узначальвалі спіс, пачалі радзей прыязджаць у Беларусь. Мы даведаліся, колькі плацяць за вучобу замежныя студэнты і што кажуць выкладчыкі пра іхную падрыхтаванасць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Студэнты выходзяць з будынку Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэту. Фота: Белсат

Пачынаючы з 2012 года, у Беларусі зніжаецца колькасць студэнтаў у пераліку на 100 тысяч насельніцтва: за 10 гадоў падзенне склала каля 50 % – з 471 у 2011 годзе да 263 у 2021 годзе. Пры гэтым лік замежных студэнтаў штогод узрастае: у 2010 годзе ў беларускія ВНУ паступілі 9357 замежнікаў, у 2020-м удвая больш, звыш 20 тысячаў. Самы значны рост быў у 2021 годзе – амаль на 3,5 тысячы студэнтаў больш, чым за год да гэтага.

Забяспечылі гэты рост у асноўным студэнты з Кітаю, за год іхная колькасць павялічылася на 40 % – да 8 тысяч чалавек. На другім месцы – жыхары Туркменістану (амаль 6,5 тысячы, але для гэтай краіны гэта падзенне – у 2019 годзе ў Беларусі было больш за 10 тысяч туркменскіх студэнтаў). На трэцім месцы – грамадзяне Узбекістану (2,3 тысячы), на чацвёртым – Шры-Ланкі (1,4 тысячы). Замыкае пяцёрку Расея – 1397 студэнтаў было ў 2021/2022 навучальным годзе.

Інфаграфіка: Белсат

Паводле звестак на 2022 год, у беларускіх ВНУ вучыліся 33 тысячы замежнікаў. Гаворка пра ўсе навучальныя ўстановы. Паводле звестак Міністэрства адукацыі, гэта прыкладна 13 % ад агульнай колькасці студэнтаў.

Колькі плацяць замежнікі і якія спецыяльнасці абіраюць

Калі казаць пра цэны для беларускіх студэнтаў, то яны пачынаюцца з 1–1,2 тысячы долараў на год і даходзяць да 1,6 тысячы долараў. Для замежных студэнтаў кошт удвая вышэйшы, у асобных выпадках вышэйшы ў 2,5 разу.

Гэтак, у Беларускім дзяржаўным універсітэце ў сярэднім замежнікі плацяць 3 тысячы долараў на год, але на некаторых спецыяльнасцях цана даходзіць да 5 тысячаў. У Беларускім дзяржаўным медычным універсітэце год навучання каштуе ад 4450 (лячэбная справа) да 5950 долараў ЗША (стаматалогія). У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі кошт складае ад 2700 да 5000 долараў. У Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы – 2550–3500 долараў на год.

Інфаграфіка: Белсат

Найбольш папулярныя – медычныя спецыяльнасці. Як адзначаюць у Міністэрстве адукацыі, усе чатыры медычныя ВНУ Беларусі шчыльна ўкамплектаваныя замежнымі студэнтамі. Ёсць попыт на тэхнічныя, педагагічныя і гуманітарныя спецыяльнасці, IT, эканоміку і права.

Чаму кітайцы палюбілі Беларусь?

Паміж беларускімі і кітайскімі ВНУ дзее каля 550 пагадненняў аб супрацы. Пры гэтым у нашай краіне вучацца звыш 8 тысяч кітайцаў і менш за 500 беларусаў атрымліваюць адукацыю ў Кітаі.

Кандыдат гістарычных навук, прафесар Павел Церашковіч, які працаваў у БДУ, кажа, што да нас прыязджаюць не самыя падрыхтаваныя кітайскія студэнты.

«Пры гэтым лічыцца, што ў кітайцаў больш высокі IQ і яны добра вучацца ў заходніх ВНУ, – адзначае суразмоўца. – Мая версія наступная: тыя, хто не здаў уступных экзаменаў у свае ВНУ, часта з’язджаюць за мяжу, каб захаваць твар. А ў Беларусі адукацыя адносна танная, бяруць усіх».

Інфаграфіка: Белсат

Гэты тэзіс пацвярджае і выкладчык БНТУ (з меркаванняў бяспекі не называем імя). «Патрабаванні да замежных студэнтаў значна ніжэйшыя, чым да беларускіх, – адзначае суразмоўца. – Устаноўка такая, што замежнікі прыносяць грошы, яны ж плацяць удвая больш, таму ў іх павінна скласціся добрае ўражанне, каб да нас і далей прыязджалі іхныя суайчыннікі».

Паводле выкладчыка, даходзіць да таго, што студэнт заканчвае ВНУ, а не ўмее добра размаўляць на расейскай мове – асноўнай мове навучання. Гэта датычыць і магістратуры.

«Глядзім праз пальцы і на паспяховасць, і на пропускі, – працягвае выкладчык. – Логіка такая: нават калі гэта дрэнны выпускнік, гэта не праблема ў Беларусі, яны не застаюцца ў нас у краіне, а або вяртаюцца дадому, або далей вучацца за мяжой. Гэта значыць, для нашага рынку працы яны пагрозы не складаюць».

Чаму так мала расейцаў прыязджае на вучобу ў Беларусь?

Расея ёсць асноўным партнёрам Беларусі і ў сферы адукацыі. Заключана звыш 1,5 тысячы міжуніверсітэцкіх пагадненняў. Але паводле колькасці студэнтаў расейцы саступаюць кітайцам, туркменам і нават узбекам.

Прычына ў тым, што, як мяркуе Павел Церашковіч, беларуская адукацыя ў якасці саступае расейскай. «Да таго ж расейцы наогул не надта схільныя вучыцца за мяжой, – кажа прафесар. – Яшчэ ў сярэдзіне 2010-х, калі за мяжой навучалася да 40 тысяч беларусаў, колькасць расейскіх студэнтаў за мяжой не перавышала 60 тысяч».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Будынак Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэту. Фота: Белсат

У Расеі ж вучыцца больш за 10 тысяч беларускіх студэнтаў, умовы для абітурыентаў там больш спрыяльныя: можна ўзяць удзел у алімпіядах расейскіх ВНУ, якія часта не складанейшыя за беларускае цэнтралізаванае тэставанне (ЦТ), і паступіць у ВНУ яшчэ вясной. А можна паступаць па выніках ЦТ, бо дакументы трэба падаваць онлайн на расейскім сайце дзяржпаслугаў, дзе можна адначасова адправіць заяўкі адразу ў пяць універсітэтаў, у Беларусі ж падача асабістая.

У нас ёсць сістэма грантаў для адораных замежных абітурыентаў, але за год не больш за сто чалавек атрымліваюць такое падтрыманне.

Адукацыя ў Беларусі застанецца прывабнай толькі для Азіі?

У беларускім Міністэрстве адукацыі не хаваюць, што робяць стаўку на Азію. У 2021/2022 навучальным годзе колькасць студэнтаў са Шры-Ланкі, Індыі, Ірану, Іраку і Ізраілю склала 71,6 % ад усяго азіяцкага рынку, і гэта без уліку Кітаю.

Перспектыўнымі краінамі беларускае ведамства называе В’етнам, Ліван, Іярданію, Пакістан і Сірыю. Завабліваць азіяцкіх студэнтаў плануюць на міжнародных выставах, у сацсетках і праз беларускія амбасады. На думку Паўла Церашковіча, сітуацыя ў адукацыі не адрозніваецца ад цяперашняга пазіцыянавання Беларусі ў свеце.

«Ад Міністэрства адукацыі пастаянна патрабуюць павелічэння аб’ёму «экспарту адукацыйных паслуг». У апошнія гады асноўным рынкам для Беларусі быў азіяцкі, пакуль наўрад ці варта чакаць зменаў», – падкрэслівае суразмоўца.

У 2020 годзе Беларусь зарабіла на навучанні замежнікаў каля 82 мільёнаў долараў ЗША, у 2021-м – каля 100 мільёнаў долараў.

belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны