Былы палітвязень Аляксандр Кабанаў працягне працу ў «ByPol»

Блогер і былы палітвязень Аляксандр Кабанаў далучыцца да каманды «ByPol» пасля рэарганізацыі аб’яднання, паведамляе @pozirkonline.

Панэльная дыскусія «Палітзняволеныя ў Беларусі для беларусаў і беларусак, сусвету, праваабаронцаў і СМІ». На здымку – блогер, былы палітвязень Аляксандр Кабанаў. Варшава, Польшча. 11 чэрвеня 2023 года. Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Кабанаў будзе працаваць у камандзе Мацвея Купрэйчыка, Уладзіміра Жыгара і іншых работнікаў, якія маюць намер аддзяліцца ад фонду «ByPol», на чале якога стаіць Аляксандр Азараў.

«Я застаўся з калектывам, з якім працаваў да гэтага, – кажа блогер. – У нас была размова з хлопцамі, яны сказалі: мы хочам, каб ты супрацоўнічаў з намі і надалей. Такую дзейнасць я лічу карыснай».

Былы палітвязень зазначыў, што ягоная дзейнасць у арганізацыі застанецца ранейшай:

«Удзельнічаць у расследаваннях – рабіць іх публічнымі, ствараць кантэнт і гэтак далей, займацца медыйкай, інфармацыйнай падтрымкай».

Сітуацыю, якая ўзнікла ў «ByPol», Кабанаў назваў непрыемнай, бо яна «б’е і па арганізацыі, і па дэмсілах».

«Але гэта не значыць, што трэба на ўсім паставіць крыж. Цяпер неабходна працай даказаць, што мы патрэбныя і важныя. Рэпутацыя ствараецца не заявамі», – падсумаваў былы палітвязень.

Скандал у «BYPOL»: што вядома, чаму гэта важна і чаму вельмі кепска

Канфлікт у «ByPol» стаў вядомым, калі Аляксандр Азараў 8 чэрвеня запісаў відэазварот, у якім заявіў, што Купрэйчык і «група асобаў» адмовіліся праходзіць паліграф (дэтэктар хлусні), праз гэта былі звольненыя, але Купрэйчык забраў доступ да акаўнтаў «ByPol» у YouTube і сацыяльных сетках.

Пазней у тэлеграм-канале «ByPol» з’явіўся допіс з абвінавачваннямі ў бок Азарава. Там сцвярджаюць, што Азараў ніколі не быў заснавальнікам ці кіраўніком аб’яднання экс-сілавікоў «ByPol», ён кіраваў толькі створаным 26 траўня 2021 года фондам «ByPol», а ў аб’яднанні сілавікоў быў «медыйнаю персонаю».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны