Міністэрства адукацыі распавяло, колькі ў Беларусі засталося прыватных школаў

Усе дзяржаўныя школы атрымалі ліцэнзію на ажыццяўленне адукацыйнай дзейнасці, з прыватных – толькі пяць, піша «Sputnik Беларусь» са спасылкаю на першага намесніка міністра адукацыі Аляксандра Бахановіча.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Freepik

Паводле Бахановіча, закон аб ліцэнзаванні школаў, прыняты ў Беларусі ў 2022 годзе, вызначае аднолькавыя правілы для ўсіх установаў агульнай і сярэдняй адукацыі дзяржаўнай або прыватнай формаў уласнасці.

Правілы датычаць выканання нарматыўна-прававых актаў у галіне адукацыі, стварэння бяспечных умоваў для навучання, пільнавання санітарных нормаў і правілаў, а таксама «выхавання навучэнцаў на падставе дзяржаўнай ідэалогіі для фармавання ідэалагічна ўстойлівай і рознабакова развітой асобы».

Дэградацыя школы зайшла ў піке: што адбываецца з беларускай адукацыяй і што рабіць бацькам

У прыватных школах былі выяўленыя парушэнні ў шэрагу гэтых пунктаў, зазначыў Бахановіч. Чыноўнік прызнаў, што закрыццё прыватных школаў «выклікала хваляванне бацькоў». Аднак найперш хваляванне мусіць выклікаць тое, што ў школах былі выяўленыя рознапланавыя парушэнні, мяркуе першы намеснік міністра адукацыі.

Бахановіч зазначыў, што прайсці працэдуру атрымання ліцэнзіі здолелі толькі пяць прыватных школаў.

«Гэта тры школы ў Менску і дзве ў Менскім раёне, агульная колькасць навучэнцаў у якіх складае каля тысячы чалавек», – зазначыў чыноўнік і дадаў, што ў 2900 дзяржаўных школаў у Беларусі вучацца адзін мільён восемдзесят пяць тысяч пяцьсот школьнікаў.

«Унёсак прыватных школаў – гэта 0,1 % у сістэме агульнай і сярэдняй адукацыі», – рэзюмаваў Аляксандр Бахановіч.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны