Ціханоўская: Мая маленькая дачка збірае грошы на танк, каб тату ісці вызваляць

У варшаўскім «Беларускім моладзевым хабе» 14 чэрвеня праходзіць фэст «Яднайся». У межах фэсту – кірмаш, прэзентацыі праектаў, канцэрт і чатыры дыскусіі аб глабальных пытаннях. Адна дыскусія была пра лёс палітвязняў – з удзелам Святланы Ціханоўскай і былых палітзняволеных. «Белсат» пераказвае, пра што на ёй размаўлялі.

Імпрэза «‎Яднайся!»‎ для беларусаў і беларусак. Варшава, Польшча. 14 чэрвеня 2023 года. Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Выбраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская нагадала, што яна сама – жонка палітычнага зняволенага, пра што часта забываюць. Яна падзялілася тым, што не можа дазволіць сабе паказаць іншым слабасць і боль, а ёй даводзіцца размаўляць і са сваімі дзецьмі, бацька якіх за кратамі, і з маці ейнага зняволенага мужа – Сяргея Ціханоўскага.

«Дачка ў час нашых рэдкіх сустрэчаў плача, у скарбонку збірае грошы на танк, каб тату ісці вызваляць», – падзялілася Ціханоўская.

Яна заклікала дапамагаць сем’ям палітвязняў і ініцыятывам падтрымкі палітвязняў, але заўважыла, што для сваякоў такая падтрымка «эфемерная», а важней бывае падтрымка некалькіх напраўду блізкіх людзей. Яна таксама выказала надзею на запуск ініцыятывы падтрымкі палітвязняў у фармаце «Адно акно», бо многія проста не ведаюць, куды звярнуцца. Таксама Ціханоўская прызнала, што адчувае злосць ад таго, як павольна ідуць зборы ахвяраванняў на палітвязняў і падтрымку іхных сем’яў – заклік пра ахвяраваць суму, сувымерную з цаной кубку кавы, працуе ўжо не так добра.

Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету ў сацыяльных пытаннях Вольга Гарбунова заўважыла, што аб’ёмы падтрымкі палітвязняў і іхных сваякоў змяншаюцца, а многія не ведаюць, што казаць родным палітвязняў і як дапамагчы. А ў сваякоў раней не было такога страху атрымаць дапамогу, які ёсць цяпер.

Імпрэза «‎Яднайся!»‎ для беларусаў і беларусак. На здымку – мадэратарка сустрэчы Вольга Гарбунова. Варшава, Польшча. 14 чэрвеня 2023 года. Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Гарбунова і Ціханоўская згадалі пазбаўленне палітвязняў сувязі са сваякамі, адмову ў ліставанні. Гарбунова згадала, што гэта завецца словам інкамунікада – і гэта від катавання. Ціханоўская расказала, што ейны муж цяпер можа і не ведаць, што адвакат да яго не прыходзіць, бо ўжо пятага адваката пазбавілі ліцэнзіі, а наступнага не пускаюць. І для сем’яў палітвязняў, сказала яна, страта сувязі – вялікая праблема, бо «страшныя думкі лезуць у галаву», калі невядома, дзе чалавек і што з ім.

Былы палітвязень, а цяпер прадстаўнік «BYPOL» Аляксандр Кабанаў, звярнуў увагу на тое, што людзі ў няволі яшчэ прыблізна разумеюць, што адбываецца на волі, а на волі мала ведаюць пра стан зняволеных у калоніях. Ён заклікаў актыўней «усталёўваць сувязь з калоніямі» праз тых, хто нядаўна вызваліўся, а таксама праз сваякоў «непалітычных» зняволеных, якія маюць лепшы кантакт з людзьмі за кратамі. Прычына «рэжыму цішыні», нядопуску адвакатаў да палітвязняў у тым, што «любы чалавек у калоніі ёсць сведкам злачынства», казаў Кабанаў. І каб змагацца са злачынствамі, трэба ведаць імёны і пасады вінаватых, падкрэсліў ён.

Былыя палітвязні Таццяна Вастроўская, Алег Кулеша і Вольга Паўлава расказалі пра ініцыятыву стварэння Беларускай асацыяцыі палітвязняў (чарнавая назва арганізацыі – «Вольны крок»), стварэнне якой анансавалі двума днямі раней.

Імпрэза «‎Яднайся!»‎ для беларусаў і беларусак. Варшава, Польшча. 14 чэрвеня 2023 года. Фота: Міра Ляселішская / Белсат

«Маем разуменне, што трэба рабіць». Былыя палітвязні заявілі пра стварэнне ўласнай арганізацыі за мяжой

Яны расказалі, што «былых палітвязняў» пакуль няма, бо сапраўды былымі яны стануць, калі будуць рэабілітаваныя на тэрыторыі Беларусі, а тыя, хто цяпер за мяжою, не ў эміграцыі, а ў эвакуацыі.

Яны пагадзіліся ў тым, што падтрымка пакуль недастатковая і для сваякоў палітвязняў, і для ўжо вызваленых, таму яны спадзяюцца скаардынаваць высілкі ініцыятываў дапамогі і праваабаронцаў.

«Самая дзейная стратэгія – працягваць ціск, бо іначай ніяк, – казала Ціханоўская. – Ты ім крок насустрач – няма ніякай рэакцыі. Таму заклікаем да санкцыйнага і палітычнага ціску».

Яна адзначыла, што цяпер ніхто не можа «прыйсці і адчыніць дзверы турмаў»: улады Беларусі не ідуць на дыялог нават у тэме «выкупу» палітвязняў або вызвалення людзей з гуманітарных спісаў. Ціханоўская расчараваная і «імпатэнтнасцю» міжнародных арганізацыяў: «Чырвоны крыж» і Арганізацыя аб’яднаных нацыяў маглі б аказваць дапамогу зняволеным у турмах, маюць мандат на наведванне калоніяў і турмаў – ды не атрымліваюць доступу да зняволеных, бо «дыктатура не паважае ніякія міжнародныя правы і арганізацыі».

«Нам важна не губляць любові, з якой людзі выходзілі ў 2020 годзе». Ціханоўская выступіла на адкрыцці імпрэзы «Яднайся!»

Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны