«Удзячны за плённую сустрэчу». Валер Кавалеўскі зладзіў перамовы з Міхайлам Падаляком у Кіеве

Прадстаўнік Пераходнага кабінету ў замежных справах Валер Кавалеўскі сустрэўся з дарадцам кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхайлам Падаляком. Перамовы зладзілі ў Кіеве. «Удзячны за плённую сустрэчу», – напісаў Кавалеўскі ў сваім Twitter.

Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк і прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў замежных справах Валер Кавалеўскі. 14 чэрвеня 2023 года. Кіеў, Украіна. Фота: Валер Кавалеўскі / Twitter

Пра сустрэчу Валера Кавалеўскага з Міхайлам Падаляком паведамляецца ў Telegram-канале Аб’яднанага пераходнага кабінету. Якія тэмы яны абмяркоўвалі, не ўдакладняецца.

Пасля перамоваў Кавалеўскі напісаў у сваім Twitter:

«Удзячны Міхайлу Падаляку за плённую сустрэчу. Падтрыманне Украінаю Святланы Ціханоўскай і дэмакратычных сілаў Беларусі мае вырашальнае значэнне для нашых намаганняў у аднаўленні свабоды і барацьбе з незаконным умяшаннем Расеі, якое пагражае незалежнасці Беларусі».

«Украіна будзе падтрымліваць супрацу з дэмакратычнымі сіламі Беларусі». Павел Латушка – пра перамовы ў Кіеве

Прадстаўнік Пераходнага кабінету ў замежных справах сёння прыехаў у Кіеў з візітам, што працягнецца да 16 чэрвеня. Выданне «Позірк» раней паведамляла, што Кавалеўскі плануе абмеркаваць з экспертамі і прадстаўнікамі ўкраінскіх дзяржаўных органаў стан справаў у Беларусі, вайсковую прысутнасць Расеі на беларускай тэрыторыі, праблему размяшчэння ядравай зброі, а таксама стасункі Украіны і дэмакратычнай Беларусі.

У траўні Падаляк у інтэрв’ю праекту «ВОТ ТАК» казаў, што ён не бачыць з боку офісу Святланы Ціханоўскай «перспектыўных дзеяў, скіраваных на тое, каб вайну назваць вайною правільна, Крым назваць украінскім Крымам правільна».

«Зладзіць нейкія аб’ёмныя публічныя імпрэзы каля беларускіх амбасадаў у іншых краінах, каля расейскіх амбасадаў, то бок зладзіць актыўную працу, якая падкрэслівае, што офіс Ціханоўскай дакладна разумее, што такое белае, што такое чорнае», – заявіў Міхайла Падаляк.

Як і чаму афіцыйны Кіеў карэктуе сваю палітыку ў дачыненні Беларусі

Сяргей Крот belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны