Як распавяла крыніца выдання «Наша Ніва», дырэктар фабрыкі «Камунарка» Сяргей Анюхоўскі некалькі дзён правёў у следчым ізалятары, але ў выніку хутка выйшаў на свабоду дзякуючы запрашэнню на Усебеларускі народны сход.
44-гадовы Сяргей Анюхоўскі працуе генеральным дырэктарам менскай «Камунаркі» з 2021 года, да таго кіраваў «Чырвоным харчавіком» у Бабруйску, у 2019–2024 гадах быў чальцом Савету Рэспублікі, як і ягоны бацька на тры скліканні раней. «Камунарка» ў выніку санкцыяў апынулася ў складаным становішчы, мела цяжкасці з атрыманнем асноўных інгрэдыентаў і ажыццяўленнем плацяжоў (але заробкі заставаліся стабільнымі з улікам інфляцыі).
Як даведалася «Наша Ніва», праз «нюансы» ў аплаце імпартных тавараў у фінансавых органаў узніклі пытанні да дырэктара, і яго затрымалі. Як расказаў выданню працаўнік «Камунаркі», здарылася гэта ў красавіку 2024 года. Анюхоўскага змяшчалі ў следчы ізалятар, але вызвалілі напярэдадні Усебеларускага народнага сходу, дэлегатам якога ён быў прызначаны. Менавіта статус дэлегата сходу пусцілі ў хаду просьбіты-паручальнікі, і кіраўніцтва Следчага камітэту пайшло ім насустрач.
Іншыя крыніцы аб затрыманні Анюхоўскага не паведамлялі. Ён захаваў пасаду дырэктара «Камунаркі», ужо пасля УНС ён прымаў на заводзе дэлегацыю з Нікарагуа.
Але ў Беларусі нярэдка садзяць высокапастаўленых чыноўнікаў і дырэктараў заводаў. Напрыклад, летась сталася вядома, што гендырэктара «Белшыны» Андрэя Бунакова затрымалі нібыта за тое, што ён заключыў кантракт з расейскай фірмай на продаж буйнагабарытных апонаў ніжэй за сабекошт. Летась жа ў Беларусі прайшла хваля «мясных» і «малочных» справаў.
Чыноўнікаў у Беларусі судзяць за карупцыю, выпускаюць датэрмінова, выпраўляюць кіраваць калгасамі. Вызвалены па-ранейшаму зможа браць удзел у карупцыйных схемах, але цяпер будзе «на кручку» сілавікоў, тлумачыў «Белсату» намеснік кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Брухан.
Алесь Наваборскі belsat.eu