Ужо 671 палітвязень. Праваабаронцы прызналі яшчэ чатырох беларусаў палітычнымі зняволенымі

Шэсць праваабарончых арганізацыяў Беларусі назвалі палітычна матываваным і несправядлівым пераслед трох чалавек за «гвалт супраць супрацоўніка органаў унутраных справаў» і аднаго, якога асудзілі за намер зрабіць «кактэйль Молатава».

Напад сілавікоў на кіроўцу ў Менску. Скрыншот: відэа BYPOL

Пра рашэнне паведаміў 14 верасня праваабарончы цэнтр «Вясна». Цяпер у Беларусі палітычнымі зняволенымі прызнаны 671 чалавек. Чатыры новыя ў спісе гэта:

  • Уладзімір Жук, які 27 жніўня 2021 года асуджаны судом Светлагорскага раёну паводле ч. 1 арт. 342 КК РБ за «Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак», і паводле арт. 364 КК ПБ за «Гвалт у адносінах да супрацоўніка органаў унутраных справаў» да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі. Жук удзельнічаў у акцыях пратэсту ў Жлобіне і, паводле абвінавачвання, аказаў супраціў супрацоўнікам МУС, якія разганялі людзей;

Былога кіроўцу Жлобінскага РАУСу асудзілі да трох гадоў турмы за масавыя закалоты

  • Аляксей Шчытнікаў, які 7 верасня 2021 года асуджаны судом Маскоўскага раёну Менску паводле ч. 2 арт. 218 КК РБ за «Пашкоджанне чужой маёмасці» і паводле арт. 364 КК за «Гвалт або пагрозу ўжывання гвалту ў адносінах да супрацоўніка органаў унутраных справаў» да пяці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі. Шчытнікаў ненаўмысна сутыкнуўся з аўтамабілем ДАІ, пасля чаго зазнаў напад байца без апазнавальных знакаў, у паніцы з’ехаў, пасля чаго здаўся экіпажу патрульнага аўтамабіля;

«ByPol» апублікаваў расследаванне пра злачынствы ДАІ

  • Аляксандр Зайкоўскі, які 7 верасня 2021 года асуджаны судом Цэнтральнага раёну Менску паводле арт. 364 КК РБ за «Пагрозу гвалтам у адносінах да супрацоўніка органаў унутраных справаў» да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі. Зайкоўскі кінуў бутэльку ў аўтобус МУС, ад чаго аўтобус атрымаў малаважныя пашкоджанні;

Пяць гадоў калоніі за паведамленне ў чаце, 4000 рублёў за напужаны АМАП. Суды і затрыманні 3 верасня

  • Арцём Саковіч, які 10 верасня 2021 года быў асуджаны судом Цэнтральнага раёну Менску паводле ч. 1 арт. 342 КК РБ за «Удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак», і паводле ч.1 арт. 13, ч. 2 арт. 293 КК РБ за «Падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадках», а таксама паводле ч.1 арт. 13, ч. 2 арт. 295-3 КК РБ за «Падрыхтоўку да незаконнага вырабу і нашэння рэчываў, паражальнае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых сродкаў», да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі. Саковіч знаходзіўся ў раёне акцыяў пратэсту, а на наступны дзень быў затрыманы ў групе людзей, якіх абвінавацілі ў падрыхтоўцы да вырабу «кактэйляў Молатава», пры гэтым удзел Саковіча ў дзеяннях па іх вырабе і намер пераносіць і ўжываць гэтыя рэчывы не былі даказаныя ў судзе.

4 гады за намер зрабіць «кактэйль Молатава», ператрусы ў пенсіянерак. Суды і затрыманні 10 верасня

Праваабаронцы патрабуюць ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзянаў, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

Дэманстранты ў Беларусі, нагадваюць праваабаронцы, не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам.

Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў ужывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі.

«У краіне дзеіць неабвешчанае ваеннае становішча». Юрыст – пра абсурдныя прысуды

АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны