BYSOL гатовы кансультаваць студэнтаў замежных універсітэтаў адносна адтэрміноўкі ад вайсковай службы

Фонд салідарнасці BYSOL гатовы кансультаваць беларускіх студэнтаў замежных універсітэтаў, якія страчваюць права адтэрміноўкі ад службы ў войску пасля зменаў заканадаўства. Аб гэтым паведамляе тэлеграм-канал «BYSOL: выезд и эвакуация». 

Надпіс на сцяне пасля прызнання фонду «BYSOL» экстрэмісцкім фармаваннем. Фота: bysol.org

BYSOL гатовы кансультаваць студэнтаў праз тэлеграм @help_bysol у пытаннях выезду, эвакуацыі і адаптацыі. Апроч таго, фонд даў студэнтам пэўныя рэкамендацыі.

«Рэкамендуем перад паездкай у РБ загадзя правяраць сябе ў спісах невыязных. Пры магчымасці заставайцеся ў краінах, дзе вучыцеся цяпер. Пры неабходнасці вярнуцца ў РБ пазбягайце атрымання позваў», – гаворыцца ў паведамленні каналу.

BYSOL  таксама адзначае, што тое, якім чынам будзе выконвацца гэты законапраект, стане вядома пасля яго падпісання.

У Беларусі адменяць адтэрміноўку ад войска для студэнтаў замежных ВНУ

Як паведамляў «Белсат», 12 кастрычніка Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытанні законапраект, які ўдакладняе падставы для атрымання адтэрміноўкі ад прызыву на вайсковую службу. Праект закону прапаноўвае скараціць колькасць асобаў, якія атрымліваюць адтэрміноўку ад прызыву.

Згодна са зменамі, студэнты, якія навучаюцца за мяжою, не атрымаюць адтэрміноўкі ад службы ў войску. Выключэнне зробленае для студэнтаў, якія вучацца на вочнай форме па накіраванні дзяржавы. Як тлумачылі ініцыятары законапраекту, яго мэта – «павелічэнне мабілізацыйнага рэсурсу РБ».

У Беларусі задумалі абмежаваць выезд з краіны дзяржслужбоўцам, вайскоўцам і фактычна – каму захочуць

Паводле звестак Цэнтру апрацоўвання інфармацыі Нацыянальнага даследчага інстытуту Польшчы, у польскіх навучальных установах на жнівень 2022 года налічвалася 11 076 беларускіх студэнтаў. У 2020 годзе ў Польшчы навучаліся 9736 беларусаў, у 2019 годзе – 8378. Паводле звестак расейскага Міністэрства адукацыі, у расейскіх ВНУ на ліпень 2022 года налічвалася 10,2 тысячаў беларускіх студэнтаў. Беларусы таксама вучацца ў Літве, Латвіі, Нямеччыне, Францыі, Вялікай Брытаніі, Чэхіі і іншых краінах Еўразвязу.

Антон Тачняк belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны