Кіраўнік «Газпрому»: «Паўночную плынь» давядзецца будаваць нанова

Старшыня рады дырэктараў расейскага «Газпрому» Аляксей Мілер заявіў 13 кастрычніка, што рамантаваць «Паўночную плынь» у месцы ўцечкі няма сэнсу, газаправод моцна пашкоджаны. Расея плануе пераарыентаваць экспарт газу ў Еўропу на Турцыю. Аб гэтым паведамляе расейскі «Первый канал»

Аляксей Міліер расказаў аб планах «Газпрому». Скрыншот з відэа: «Первый канал» / 1tv.ru

Паводле Аляксея Мілера, у трубах газаправоду «Паўночная плынь» у бок Расеі адбыўся «поўны разрыў», і яны запоўніліся вадой «на вельмі вялікую адлегласць».

«Трэба фактычна адрэзаць вельмі вялікі кавалак трубы на вялікай адлегласці і фактычна на гэтым участку будаваць новы ўчастак», – растлумачыў Мілер.

Кіраўнік «Газпрому» адзначыў, што расейскіх спецыялістаў да месца аварыі не дапусцілі, а высновы аб пашкоджаннях зробленыя на аснове паказнікаў хуткасці страты ціску ў трубе.

Швецыя пацвердзіла: «Паўночная плынь» пашкодзілася ад выбухаў. Падазраюць дыверсію

Мілер паведаміў, што Расея плануе перанакіраваць экспартавыя абʼёмы ў Еўропу з магістраляў «Паўночнай плыні» на Турцыю. Масква ўжо атрымала згоду Анкары на пашырэнне газавай супрацы.

«Плюс на мяжы Турцыі і ЕЗ мы будзем абмяркоўваць пытанне стварэння хабу – гандлёвай пляцоўкі, якая магла б стаць коштавым індыкатарам для продажу газу на рынках краінаў-спажыўцоў», – заявіў Мілер.

Газаправод «Паўночная плынь» даў цечу пасля моцных падводных выбухаў

Як паведамлялася раней, газаправод «Паўночная плынь» 27 верасня даў цечу пасля моцных падводных удараў, якія адразу называлі выбухамі. Выявілі чатыры выцекі як на першай, так і на другой «Плыні».

«Паўночная плынь – 2» была пабудаваная, але не ўведзеная ў эксплуатацыю, прычынай стала прызнанне Масквой незалежнасці «ДНР» і «ЛНР». Праз «Паўночную плынь – 1» паліва дагэтуль пампавалася, але газаправод працаваў не на ўсю моц. Расея спасылалася на праблемы з турбінай.

Антон Тачняк belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны