На вайсковым аэрадроме Лунінца тэрмінова рамантуюць казармы для расейскіх вайскоўцаў

У Лунінцы на вайсковым аэрадроме ў экстраным парадку заканчваюць мадэрнізаваць казармы, што прызначаюцца расейскім вайскоўцам, паведамляе выданне «Медиа-Полесье».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскія вайскоўцы ў Беларусі. 23 кастрычніка 2022 года. Фота: Мінабароны Беларусі / Telegram

«Матэрыялы і абсталяванне для казармы выкарыстоўваюцца самыя сучасныя. Таксама цалкам перабудаваная дарога пры ўездзе ў вайсковую базу. Высякаліся для пашырэння дарогі векавыя лясы», – гаворыцца ў матэрыяле.

Генеральны падрадчык будаўніцтва – Лунінецкі ПМК-19. Але праз тэрміновае ўвядзенне абʼекту ў капітальным будаўніцтве бяруць удзел розныя арганізацыі.

Паводле інфармацыі будаўніка, праца вядзецца пад наглядам узброеных асобаў. У працаўнікоў пры ўваходзе на аб’ект адбіраюцца тэлефоны, таму зняць саму будоўлю няма магчымасцяў.

Казарма на вайсковым аэрадроме ў Лунінцы да пачатку ваенных дзеянняў ва Украіне. Фота: media-polesye.by

Лётна-тактычныя ваенныя вучэнні з удзелам расейскіх і беларускіх вайскоўцаў запланаваныя ў Беларусі з 16 студзеня да 1 лютага 2023 года. У іх возьмуць удзел воінскія фармаванні паветрана-касмічных сілаў РФ.

Раней паведамлялі, што будуць задзеяныя ўсе аэрадромы і палігоны ВПС і войскаў СПА УС Беларусі. Вайсковым аэрадром у Лунінцы таксама задзеялі падчас супольных з Расеяй вучэнняў.

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны