Яму было 65 гадоў. Прычыны смерці не паведамляюць.
Павел Жук пайшоў з жыцця раніцай 15 лютага, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
У 1989 годзе Павел Жук увайшоў у выдавецкую групу «Літаратура» Сяргея Дубаўца і Алеся Бяляцкага, потым браў удзел у выданні «Навінаў БНФ».
У сакавіку 1990 года выдаў разам з Дубаўцом і Алесем Гурковым газету «Дзень Волі – 90», з якой вырасла перыядычная газета «Свабода». Жук стаў яе выдаўцом. Гэтая газета выходзіла да лістапада 1997 года, пакуль не была закрытая за крытыку Аляксандра Лукашэнкі.
Жук адрадзіў газету пад назвай «Навіны» ў студзені 1998 года, зноў стаў яе выдаўцом. У 2000 годзе газета змяніла назву на «Наша Свабода», якую ўлады праз штраф закрылі ў 2002 годзе.
Таксама Жук быў заснавальнікам адроджанай газеты «Наша ніва», якая ў красавіку 1991 года пачала выходзіць з ініцыятывы Сяргея Дубаўца. «Наша ніва» выходзіла паралельна на паперы і ў інтэрнэце, але ў 2018 годзе адмовілася ад папяровай версіі.
АА belsat.eu