Ноччу 15 лютага Расея правяла масавы абстрэл украінскіх гарадоў

Ноччу 15 лютага Расея абстраляла тэрыторыю Украіны ракетамі. Для атакі былі ўжытыя стратэгічныя бамбавальнікі Ту-95МС. Верагодна, што былі выкарыстаныя балістычныя ракеты, а таксама ракеты тыпу «Калібр», атакі якімі праводзіліся з мора. Ёсць пашкоджанні, параненыя і забітыя.

Разбурэнні ў выніку атакі расейскіх ракетаў на Вялікі Бурлук Харкаўскай вобласці Украіны. Крыніца: РБК-Україна / Telegram

Як паведамляецца, усе ракеты, што ляцелі на сталіцу Украіны, былі знішчаныя сродкамі СПА. Ахвяраў і разбурэнняў будынкаў удалося пазбегчы.

Па Львове было выпушчана больш за 10 ракетаў, амаль усе з якіх удалося перахапіць. Аднак адна ракета ўсё ж трапіла ў аб’ект інфраструктуры, у выніку чаго адбыўся пажар. У больш як дзясятка будынкаў выбуховаю хваляю былі пашкоджаныя шыбы. У выніку атакі паведамляюць пра раненні трох чалавек.

Ракеты трапілі ў розныя аб’екты інфраструктуры таксама ў Запарожскай, Палтаўскай, Днепрапятроўскай, Хмяльніцкай і Харкаўскай вобласцях.

У Запарожжы паведамляюць пра чатырох пацярпелых, у Чугуеве Харкаўскай вобласці ў выніку атакі загінула 68-гадовая жанчына, ёсць загінулыя ў выніку атакі на Вялікі Бурлук – станам на раніцу іх колькасць вырасла да трох чалавек, пяцёра пацярпелі.

Канчатковая колькасць загінулых і параненых яшчэ высвятляецца.

Раман Шавель belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны