BEROC: Беларусь зарабляе мільярды долараў на падзенні цаны расейскай нафты

Эксперты беларускага недзяржаўнага Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC падлічылі прыбытак уладаў Беларусі ад падзення цэнаў на расейскую нафту маркі «Urals»: каля $ 1,7 млрд за 2022 год і патэнцыйна – $ 2,7 млрд у 2023-м.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Завод «Нафтан». Фота: belchemoil.by

Летась расейская нафта «Urals» значна патаннела ў параўнанні з папулярнай у свеце маркай нафты «Brent» праз санкцыі за вайну ва Украіне: калі другая прадавалася на сусветным рынку за сотню долараў за барэль, Беларусь закупала расейскую за 69,2 долара за барэль.

Такая розніца блізкая да таго, што было ў 2007–2010 і 2015–2018 гадах, большая на 9 і 14 адсоткавых пунктаў за паказнікі 2020 і 2021 гадоў. У 2022 годзе цану паставак нафты з Расеі ў Беларусь ацэньвалі на 91 % ад яе рынкавай цаны, але за кошт падзення цаны самой расейскай нафты фактычны дысконт даследнікі называюць роўным 31 %. То бок нафта для Беларусі каштавала 69 % ад «нармальнай» цаны, бо куплялі «Urals», а не «Brent».

А беларускія нафтапрадукты тым часам прадаваліся са значна меншым дысконтам – практычна па тых жа цэнах, як у 2021 годзе. Тым больш, у другой палове 2022 года Беларусі ўдалося наладзіць экспарт нафтапрадуктаў, лічаць даследнікі на падставе аднаўлення прамысловай вытворчасці на «Нафтане» і Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе.

«Разлікі на падставе адкрытых звестак паказваюць, што выгады ад пашырэння дысконту расейскай нафты «Urals» да нафты «Brent» маглі з запасам кампенсаваць страту Беларуссю высокамаржынальнага рынку Украіны і выдаткі праз павелічэнне транспартна-лагістычнага пляча экспартных паставак беларускіх нафтапрадуктаў», – лічыць BEROC.

Эканомію ад фактычнага дысконту на «Urals» у параўнанні з «Brent» эксперты ацанілі на 1,7 млрд долараў у 2022 годзе – а гэта 2,3 % валавага ўнутранага прадукту. У 2023 годзе, прагназуюць яны, эканомія можа дасягнуць $ 2,7 млрд або 3,6 % ВУП.

Даследнікі рэзюмуюць: у кароткай перспектыве «Беларусь стала бенефіцыярам санкцыяў на расейскую нафтавую галіну». Але падкрэсліваюць: доўгатэрміновых наступстваў яны не разглядалі, эфект у доўгай перспектыве прадказаць цяжка, але хутчэй за ўсё, ён будзе негатыўным для беларускай эканомікі.

Bloomberg: ЕЗ падрыхтаваў новы пакет санкцыяў супраць Беларусі

Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны