Мінздароўя ўсё яшчэ абяцае беларускую вакцыну ад COVID-19. Сабралі гісторыю абяццаняў

Першы даследча-прамысловы ўзор беларускай вакцыны ад COVID-19 плануюць атрымаць у красавіку 2023 года. Пра гэта 15 сакавіка паведаміў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, перадае БелТА.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: minzdravbelarus / Telegram

«Мы ў красавіку павінны атрымаць першы даследча-прамысловы ўзор, які пойдзе на даклінічныя і клінічныя выпрабаванні, каб вакцына была зарэгістраваная да канца гэтага года», – сказаў міністр.

Цэх для выпуску беларускай вакцыны ад ковіду збудуюць ля могільніку жывёлы

Стварыць беларускую вакцыну ад каронавіруса, пік пандэміі якога прыпаў на 2020–2021 гады, абяцаюць ужо два гады.

Абяцаюць амаль два гады

Пра тое, што Беларусь атрымала ўласную вакцыну ад COVID-19, Аляксандр Лукашэнка заявіў амаль два гады таму – 7 траўня 2021 года.

«У прабірцы мы ўчора атрымалі сваю вакцыну – беларускую. Іншую, адрозную ад таго, што мы сёння купляем. Як лекары называюць, жывую вакцыну», – сказаў ён.

У студзені 2022 года старшыня прэзідыўму Нацыянальнай Акадэміі навук Уладзімір Гусакоў заявіў, што прататып беларускай вакцыны супраць каронавіруса ўжо гатовы. Паводле яго, вакцына на той момант ужо праходзіла этапы лабараторных даследаванняў і папярэднія даклінічныя выпрабаванні.

У лютым 2022 года прататып беларускай вакцыны быў нават прэзентаваны на выставе ў Нацыянальнай акадэміі навук.

У жніўні 2022 года Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што вакцыну ад COVID-19 неўзабаве пачнуць разліваць у Беларусі.

У кастрычніку 2022 года ўжо згаданы Гусакоў сказаў, што вакцына нават «ужо прайшла клінічныя выпрабаванні і паказала сваю высокую каштоўнасць і значнасць не горш за замежныя ўзоры».

Аднак старшыня Віцебскага аблвыканкаму Аляксандр Субоцін казаў, што клінічныя выпрабаванні вакцыны маюць пачацца толькі 1 снежня 2022 года.

Але, як бачым са словаў Піневіча, клінічныя выпрабаванні дагэтуль так і не пачаліся. І запланаваныя толькі на красавік 2023 года.

Якуб Хруст belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны