«Неантысеміт» Лукашэнка абвінаваціў габрэяў у прывілеяваным становішчы

Аляксандр Лукашэнка 14 чэрвеня падчас нарады з урадам выступіў з антысеміцкай заявай, дадаўшы, што самога сябе антысемітам не лічыць. Гэтае выказванне паказалі ў вячэрнім эфіры тэлеканалу «Беларусь 1», але ў прэс-рэлізе на сайце палітыка гэтай цытаты няма.

Аляксандр Лукашэнка. Фота: president.gov.by

Кажучы пра крымінальную справу свайго былога памочніка – інспектара ў Віцебскай вобласці Ігара Брыло, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што агулам у ёй праходзяць тры дзясяткі чалавек.

«Вы мне прабачце, я не антысеміт, але больш за палову габрэяў. Гэта што ў нас асаблівае, прывілеяванае становішча займаюць, што яны крадуць і не думаюць пра сваю будучыню? Усе аднолькавыя перад законам. І габрэі, і беларусы, і ўкраінцы, расейцы і палякі».

Антысемітызм – погляды часткі рэжыму. Лукашэнка маўчыць пра Ізраіль, але не яго прапаганда

Раней Ізраіль рэагаваў на антысеміцкія закіды Лукашэнкі. Напрыклад, у 2007 годзе ён заявіў, што габрэі ператварылі Бабруйск у свінарнік. Ізраільскія ўлады вельмі рэзка пракаментавалі гэтыя словы, беларускага амбасадара выклікалі ў МЗС для тлумачэнняў.

А ў ліпені 2021 года самаабвешчаны кіраўнік Беларусі заявіў, што « увесь свет кланяецца» габрэям пасля Галакосту і баіцца ім сказаць хоць адно «няправільнае слова». Улады Ізраілю назвалі такія выказванні непрымальнымі і звярнулі ўвагу на іх антысеміцкі характар.

Чарговую антысеміцкую заяву ён зрабіў у снежні 2023 года, сказаўшы, што «армяне ж разумныя людзі! Там жа няма ніводнага габрэя!».

Антысемітызм, бязвіз і ліст «Хамасу». Якія адносіны ў Лукашэнкі з Ізраілем і Палестынай

Якуб Хруст belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны