Міністэрства юстыцыі патрабуе спыніць дзейнасць руху «За свабоду». Учора ў офісе руху і ў намесніка старшыні руху Віктара Янчурэвіча прайшлі ператрусы. У рэгіёнах затрыманыя праваабаронцы і сябры арганізацыі Віктар Сазонаў і Алег Мацкевіч. Па месцы прапіскі старшыні руху прыходзілі сілавікі, але дома была толькі дачка.
Што адбываецца, «Белсату» расказаў старшыня руху Юрась Губарэвіч.
Сам Губарэвіч не прысутнічаў падчас ператрусу на офісе і цяпер не можа трапіць туды, бо памяшканне апячатанае. Але са словаў уласніка і з праўладных Telegram-каналаў стала зразумела, што сілавікоў перадусім цікавіла друкаваная прадукцыя: буклеты аб розных кампаніях (якія раней легальна раздавалі), інфармацыя пра арганізацыю (якая ёсць публічнай)
«Больш за тое, матэрыялы нават не звязаныя з падзеямі мінулага году і поствыбарчымі падзеямі, – кажа Губарэвіч пра тое, што маглі знайсці ў офісе. – Там ні слова няма пра нейкія масавыя мерапрыемствы, заклікаў да ўдзелу. Зрабіць з гэтага выснову, каб на нас павесіць нешта большае, нельга».
Акрамя тых матэрыялаў, у легальнасці якіх Губарэвіч упэўнены, і сцягоў руху Следчы камітэт наўрад ці зможа нешта прад’явіць.
Санкцыя на ператрус была падпісаная Генеральным пракурорам. Сярод тых артыкулаў – стварэнне экстрэмісцкіх фармаванняў, падрыхтоўка дзеянняў, звязаных з захопам улады, арганізацыя масавых пратэстаў.
«Такое адчуванне, што ўсё, што ведалі, запісалі ў адну пастанову і прайшліся па тых паўтарох-двух дзясятках арганізацыяў, якія ўчора трапілі пад такі прэсінг», – разважае Губарэвіч.
Тое, што адбылося ўчора, выглядала як спланаваная акцыя застрашэння, дадае ён, і падобна, што мэтай сілавікоў была здабыча якой-небудзь дадатковай інфармацыі, каб распачаць крымінальныя справы, заснаваныя на падставе знойдзенага і на «іх уласных фантазіях».
За дзень да ператрусу Міністэрства юстыцыі ўзяла ад руху 42 дакументы дзеля комплекснай праверкі дзейнасці, а за два дні да ператрусу, як высветлілася сёння, Вярхоўны суд пачаў справу паводле позвы Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі руху. Суд прызначылі на 19 ліпеня.
Паводле Губарэвіча, прэтэнзія да руху дзіўная: нібыта ёсць праблема з юрыдычным адрасам. Але рух мае юрыдычны адрас (які апошні раз мянялі ў 2017 годзе), рэгулярна плаціць за памяшканне. Губарэвіч перакананы, што зможа патлумачыць у Вярхоўным судзе, што падставаў для спынення дзейнасці няма.
«Але дзіўна таксама, што ціск адбываецца адразу ў некалькі напрамкаў: і запыт пра ўнутраную дакументацыю, і адначасова сфармуляванае пасланне ў Вярхоўны суд з просьбай прыпыніць дзейнасць, і ператрусы. Гэта ўсё накладаецца на адныя і тыя ж дні, і бачна, што гэта ўсё часткі вялікай кампаніі прэсінгу на незалежныя грамадскія аб’яднанні», – заяўляе старшыня руху.
Наяўнасць афіцыйнай рэгістрацыі, кажа Губарэвіч, не дае ніякіх дадатковых магчымасцей, але накладае безліч абавязкаў. Таксама няма бонусаў у камунікацыі з дзяржаўнымі органамі, якія цяпер могуць ігнараваць любыя запыты і звароты, «рабіць выгляд, што не існуе ніякай грамадзянскай супольнасці».
«Умовы для дзейнасці як партыяў, так і грамадскіх аб’яднанняў значна пагоршыліся за апошні год, – кажа ён. – Правесці нават нейкае ўнутрыпартыйнае мерапрыемства – гэта ўжо пытанне велізарнай рызыкі для ўдзельнікаў. Невядома, як гэта будзе ацэненае з боку так званых праваахоўных органаў, ці не палічаць гэта несанкцыянаваным сходам і ці не пацягнуць усіх удзельнікаў у каталажку».
***
Рух «За свабоду» быў заснаваны пасля выбараў 2006 года кандыдатам у прэзідэнты Аляксандрам Мілінкевічам. У 2008 годзе рух атрымаў афіцыйную рэгістрацыю. З 2016 года «За свабоду» узначальвае Юрый Губарэвіч.
АА belsat.eu