Суд у Кіеве арыштаваў намесніка Кіева-Пячэрскай лаўры, мітрапаліта Паўла. Патрыярх Кірыла адрэагаваў на гэта рассылкаю свайго звароту ў міжнародныя арганізацыі і да рэлігійных дзеячаў, у тым ліку – папы рымскага. Кіраўнік Расейскай праваслаўнай царквы просіць дапамагчы вызваліць святара УПЦ Маскоўскага патрыярхату.
Намеснік Кіева-Пячэрскай лаўры з красавіка быў пад хатнім арыштам. Напярэдадні Саломенскі раённы суд Кіева змяніў меру ўстрымання і пастанавіў пасадзіць мітрапаліта ў СІЗА.
Такое рашэнне прынялі на просьбу пракуратуры ў звязку з інтэрв’ю святара, дзе ён адмаўляў існаванне Украіны як суверэннай дзяржавы. Гэты каментар стаўся новым пунктам абвінавачвання ў справе супраць мітрапаліта.
Намеснік Кіева-Пячэрскай лаўры, паводле следства, распальваў міжрэлігійную варожасць і апраўдваў расейскае ўварванне.
У звязку з арыштам святара УПЦ Маскоўскага патрыярхату кіраўнік РПЦ звярнуўся да кіраўнікоў іншых цэркваў, шэрагу рэлігійных дзеячаў і прадстаўнікоў міжнародных арганізацыяў. Сярод іх – генеральны сакратар АБСЕ, генеральны сакратар Савету Еўропы, вярхоўны камісар ААН у правах чалавека, а таксама рымскі папа Францішак.
Патрыярх Кірыла ўпэўнены, што арышт мітрапаліта – «неправасуднае і відавочна прадыктаванае ўладамі Украіны» рашэнне, а пераследуюць яго за рэлігійныя перакананні.
Кіраўнік РПЦ мяркуе, што арышт святара «пагражае сур’ёзным пагаршэннем здароўя і можа прывесці да ягонай смерці ў следчым ізалятары».
«Заклікаю звярнуць увагу на ганенні, што адбываюцца ва Украіне на кананічную Украінскую праваслаўную царкву і прыняць усе магчымыя захады для абароны ад беззаконнага пераследу мітрапаліта Паўла», – гаворыцца ў звароце патрыярха.
Кіраўнік Сусветнага саюзу старавераў Леанід Севасцьянаў заявіў расейскаму агенцтву «РИА Новости», што папа рымскі «ведае аб звароце патрыярха Кірылы і будзе займацца пытаннем вызвалення мітрапаліта Паўла»:
«Не ведаю, як менавіта ён гэта будзе рабіць – можа, зробіць афіцыйную заяву, напіша ліст або ўмяшаецца па дыпламатычных каналах. Але тое, што ён адгукнуўся на зварот найсвяцейшага патрыярха Кірыла, – гэта факт».
Севасцьянаў сцвярджае, што «пагутарыў з Францішкам наўпрост».
Пацверджанняў гэтай інфармацыі з іншых крыніцаў пакуль няма. Апошняе паведамленне афіцыйнай агенцыі «Vatican News», што тычыцца кіраўніка Рымска-каталіцкай царквы, прысвечанае прызначэнню папам біскупа ў Шанхайскую дыяцэзію.
Сяргей Крот belsat.eu