«Слухайце афіцыйныя крыніцы». Улады ў Асіповічах адмовіліся казаць пра прыезд вагнэраўцаў

«Беларускі Гаюн» сёння паведаміў пра прыезд у вёску Цэль баевікоў ПВК Вагнэра. У Асіповіцкім райвыканкаме ў адказ на пытанне пра тое, ці сапраўды найміты ўжо прыбылі, параілі «слухаць афіцыйныя крыніцы».

Злева – найміт ПВК Вагнэра на трэнаванні тэрытарыяльнай абароны пад Асіповічамі. Скрыншот відэа: «ВоенТВ» / Telegram

Паводле неафіцыйных звестак, буйная калона легкавых і цяжкавых аўтамабіляў з нумарамі самаабвешчаных ДНР і ЛНР рушыла праз Крычаў, Рагачоў і Бабруйск, а затым – на Асіповічы. Імаверны пункт прызначэння – вёска Цэль, дзе пабудавалі намётавы гарадок. У калоне налічылі мінімум 60 аўтамабіляў, піша «Беларускі Гаюн».

«Беларускі Гаюн»: Буйная калона ПВК Вагнэра прыбыла ў Беларусь

У Асіповіцкім райвыканкаме з карэспандэнтам «Белсату», які пазваніў пад выглядам устурбаванага мясцовага жыхара, размаўляць адмовіліся.

«Слухайце афіцыйныя крыніцы», – заявілі ў выканкаме і паклалі слухаўку.

«Белсат» таксама дазваніўся да жыхаркі вёскі Пратасевічы, дзе знаходзіцца сельсавет, да якога адносіцца суседняя Цэль. Жанчына запэўніла, што ніякіх вагнэраўцаў не бачыла.

«Нікога няма. Нікога не слухайце!»

Напярэдадні ў Мінабароны заявілі, што падпісалі з ПВК Вагнэра «дарожную мапу» для абмену досведам паміж беларускімі вайскоўцамі і наймітамі. Паведамлялася, што баевікі ўжо выступілі інструктарамі на занятках тэрытарыяльнай абароны.

Міністэрства абароны Беларусі і ПВК Вагнэра распрацавалі дарожную мапу па перадачы досведу

Сяргей Крот belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны