У Менску адцэнзуравалі мемарыял ахвярам сталінізму. Цяпер гэта проста прыдарожная капліца

У менскім парку Чалюскінцаў абнавілі драўляны мемарыяльны знак у памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Але пры гэтым з яго знік надпіс, які распавядаў, у памяць пра каго гэты знак пастаўлены, піша «Наша Ніва».

Ранейшы выгляд памятнага знака ў парку Чалюскінцаў. Унізе надпіс: «У гэтым лесе ў 20–30-я гады зьнішчалі бязвінных людзей». Фота: Wikimedia Commons

Памятны знак ахвярам рэпрэсіяў размешчаны недалёка ад уваходу ў парк з боку вуліцы Парніковай, што пралягае між Гімназіяй-каледжам мастацтваў і шматпавярховым жылым комплексам Vogue. Раней каля падножжа на ім быў змешчаны надпіс «У гэтым лесе ў 20–30-я гады знішчалі бязвінных людзей», але цяпер ён знік. Таксама трохі іншы выгляд атрымала і стрэшка, што завяршае знак, надаючы яму падабенства з традыцыйнай прыдарожнай капліцай.

У канцы 1920-х і на пачатку 1930-х гадоў гэтая мясціна, якая тады назвалася Камароўскім лесам, была па-за межамі Менску і выкарыстоўвалася АДПУ для расстрэлу зняволеных менскай турмы. Як мяркуецца, колькасць ахвяраў можа дасягаць некалькіх тысяч асобаў. Але ў 1935 годзе тут было вырашана ствараць парк культуры.

Памятны знак аб ахвярах сталінскіх рэпрэсіяў быў пастаўлены ў 1990 годзе падчас шэсця на Дзяды. Ініцыятыва ўзвядзення знаку належала Беларускаму народнаму фронту і Мартыралогу Беларусі, а таксама пісьменніку Васілю Хомчанку, які сам прайшоў праз сталінскія рэпрэсіі. Спраектаваў знак будучы народны мастак Беларусі скульптар Уладзімір Слабодчыкаў.

Якуб Хруст belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны