Кіраўніца Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен плануе сустрэцца ў Кіеве з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і прэм’ер-міністрам Дзянісам Шмыгалем. Пра гэта яна паведаміла ў Twitter.
«У Кіеве. Гэта ўжо трэці мой візіт ад пачатку вайны з Расеяй. Столькі ўсяго змянілася. Украіна цяпер – кандыдат на ўступленне ў ЕЗ», – напісала старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен пасля прыезду ў сталіцу Украіны.
У Кіеве яна збіраецца абмеркаваць з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і прэмʼер-міністрам Дзянісам Шмыгалем, «як збліжаць эканомікі і людзей, у той час як Украіна рухаецца да ўваходжання ў Еўразвяз».
Свой візіт ва Украіну Урзуля фон дэр Ляен анансавала 14 верасня падчас выступу ў Еўрапарламенце. У прамове яна заявіла, што Украіна далучыцца да зоны свабоднага роўмінгу ЕЗ.
🇺🇦 In Kyiv, for my 3rd visit since the start of Russia’s war.
So much has changed.
Ukraine is now a 🇪🇺 candidate.I’ll discuss with @ZelenskyyUa and @Denys_Shmyhal how to continue getting our economies and people closer while Ukraine progresses towards accession. pic.twitter.com/zs9tMm0Mx1
— Ursula von der Leyen (@vonderleyen) September 15, 2022
Апошні раз старшыня Еўракамісіі была ва ўкраінскай сталіцы 11 чэрвеня. У сакавіку Урзуля фон дэр Ляен прыязджала ва Украіну, каб наведаць Бучу пасля яе вызвалення.
Зміцер Міраш belsat.eu