З Лукашэнкі ўжо не смяюцца, а чакаюць вольнай Беларусі – прэс-сакратар МЗС Польшчы

Прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Польшчы Лукаш Ясіна расказаў «Белсату», як палякі адрэагавалі на відэа з «дровамі ад Лукашэнкі».

Прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Польшчы Лукаш Ясіна. Варшава, Польшча. 15 верасня 2022 года. Скрыншот: Белсат

14 верасня дзяржаўныя медыі Беларусі апублікавалі відэа, на якім Аляксандр Лукашэнка сячэ дровы і «хвалюецца», як дапамагчы, каб польскія прэзідэнт і прэм’ер-міністр не змерзлі ўзімку.

Лукаш Ясіна згадаў, што некалі ў Польшчы смяяліся з Лукашэнкі. Больш не смяюцца:

«Цяпер гэта больш трагічна і смутна. Ведаем, што дзеецца ў Беларусі і з беларускім грамадствам».

На думку Ясіны, Лукашэнка наўмысна намагаецца рассмяшыць Польшчу, калі дэкларуе, што Польшчы патрэбная дапамога Беларусі. Ясіна пагаджаецца з тым, што крызіс у Еўропе можа наступіць, але адзначае, што Еўропа ў значна лепшай «гаспадарчай форме» за «знішчаную праз Лукашэнку Беларусь».

Прэс-сакратар польскага МЗС падкрэслівае, што гэты крызіс выкліканы расейскай агрэсіяй ва Украіне, у якой бярэ ўдзел і Лукашэнка (якога лічаць у Польшчы былым прэзідэнтам і не прызнаюць прэзідэнтам цяпер, падкрэслівае Ясіна).

«Гэтая дапамога нам не патрэбная, – кажа Ясіна пра Лукашэнку. – Чакаем на тое, што будзе вольная Беларусь, з якой зможам развіваць нармальныя гаспадарчыя дачыненні, ахвотна будзем спажываць вашае збожжа, бульбу, мяса; імпартаваць з Беларусі драўніну… Але ўжо з вольнай Беларусі».

Найлепшае, што можа зрабіць Лукашэнка для Беларусі і свету, дадаў Ясіна, гэта «сысці, вызваліць Беларусь і дазволіць беларускаму грамадству, каб яно само кіравала».

Ці змерзне Польшча? Як Еўразвяз рыхтуецца да зімы, што можа прайсці без расейскага газу

Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны