Вялікая Брытанія ўключыла ПВК Вагнэра ў спіс тэрарыстычных арганізацый

Міністэрства ўнутраных спраў Вялікай Брытаніі 15 верасня ўключыла ПВК Вагнэра ў спіс тэрарыстычных арганізацый, паведамляецца на сайце брытанскага ўрада.

ПВК Вагнэра. Крыніца: slovoidilo.ua

Рашэнне аб уключэнні ПВК у гэты спіс было прынята брытанскім парламентам 6 верасня. Яно набывае моц неадкладна пасля публікацыі МУС.

«Загад уступае ў сілу неадкладна і робіць прыналежнасць да групы Вагнэра або актыўную падтрымку групы ў Вялікай Брытаніі крымінальным злачынствам з патэнцыйным турэмным зняволеннем на тэрмін да 14 гадоў, якое можа быць прызначанае разам са штрафам або замест яго», – сказана на сайце ведамства.

Актывы ПВК Вагнэра ў краіне таксама могуць аднесці да катэгорыі «ўласнасці тэрарыстаў» і арыштаваць.

У брытанскім пераліку цяпер 79 тэрарыстычных арганізацый. Наконт ПВК Вагнэра там сказана, што яна ўдзельнічала ў розных ваенных дзеяннях, у тым ліку ва Украіне, у Сірыі, Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы, Судане, Лівіі, Мазамбіку і Малі.

Міністр унутраных спраў Брытаніі Суэла Брэвэрмэн называла ПВК ваенным інструментам расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна і заяўляла, што кампанія звязана з гвалтам, разбурэннямі і варварскімі забойствамі.

Першым еўрапейскім парламентам, які прагаласаваў за прызнанне ПВК Вагнэра тэрарыстычнай арганізацыяй, стаў сейм Літвы. У траўні такое рашэнне прыняў парламент Францыі.

Што адбываецца з ПВК Вагнэра ў Беларусі пасля гібелі Прыгожына?

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны