Расея адтэрмінавала выплаты па крэдытах для Беларусі

Расея змяніла стаўкі і перанесла плацяжы па крэдытах для Беларусі. Адпаведнае рашэнне прыняла Дзяржаўная дума РФ, піша ТАСС.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: volga-kaspiy.ru

Мінфін Расеі адтэрмінаваў для Беларусі плацяжы па крэдытах у агульнай суме на $ 1,4 млрд. Раней афіцыйны Менск прасіў пра гэта ў сувязі з «складанай фінансавай сітуацыяй».

«Гэтыя плацяжы пераносяцца на перыяд з 2028 па 2033 год», – заявіў намеснік кіраўніка Мінфіна РФ Цімур Максімаў.

Таксама Расея змяніла стаўку па крэдытах да 12 % гадавых. Акрамя таго, дакумент, які ратыфікавала Дзярждума, прадугледжвае і павелічэнне для Беларусі агульны ліміт выкарыстання крэдытаў на $ 25 млн.

Асноўным крэдыторам Беларусі з’яўляецца менавіта Расея. З Заходнімі крэдыторамі Менск пастанавіў разлічвацца ў беларускай валюце. У адказ міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы прызналі дэфолт для чатырох выпускаў беларускіх еўрааблігацыяў. Паколькі пастанова плаціць інвестарам у рублях фармальна з’яўляецца парушэннем кантракту, у якім пазначаная валюта разлікаў.

У кастрычніку Сусветны банк заявіў, што Беларусь пратэрмінавала плацяжы ў крэдытах, выдадзеных Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця (МБРР). Для ўсіх пазыкаў пастаўлены статус непрацоўных. Раней МБРР прыпыніў выдачу крэдытаў Беларусі.

Беларусь на мяжы дэфолту. Вечаровы эфір за 31 кастрычніка

Алена Аляксандрава belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны