Медыі даведаліся пра ўлучэнне 11 беларусаў у чарговы пакет санкцыяў супраць Расеі

Еўракамісія завяршыла працу над чарговым, ужо дванаццатым, пакетам санкцыяў супраць Расеі і перадала яго на разгляд Рады ЕЗ. «Радыё Свабода» паведаміла, што ў пералік улучылі 11 беларусаў.

Сцяг Еўразвязу. Брусель, Бельгія. 21 чэрвеня 2022 года. Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Дыпламатычная служба ЕЗ адзначае, што агулам у санкцыйным спісе больш за 120 фізічных і юрыдычных асобаў, датычных да падрыву суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны.

Прапануецца ўхваліць абмежаванні супраць «суб’ектаў расейскага вайсковага і абароннага сектару, IT, а таксама іншых важных эканамічных аператараў».

Акрамя таго, чакаюцца «новыя забароны на імпарт і экспарт, а таксама захады дзеля ўзмацнення абмежавання цэнаў на нафту і супрацьдзеяння абыходу санкцыяў ЕЗ».

«Прапанаваныя захады накіраваныя супраць тых, хто арганізаваў нядаўнія незаконныя гэтак званыя «выбары» на тэрыторыях Украіны, што часова акупаваныя Расеяй, тых, хто адказвае за прымусовае перавыхаванне ўкраінскіх дзяцей, і субʼектаў, якія распаўсюджваюць дэзынфармацыю і прапаганду ў падтрыманне захопніцкай вайны Расеі супраць Украіны», – гаворыцца ў паведамленні.

Лепш танкеры, чым танкі. Мінфін ЗША анансаваў новыя санкцыі ў дачыненні расейскай нафты

Як даведалася «Радыё Свабода», у «чорны спіс» улучаныя 11 беларусаў – прадстаўнікоў абароннай сферы Беларусі:

  • першы намеснік старшыні Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Алег Мішчанка;
  • намеснік дзяржаўнага сакратара Савету бяспекі Аляксандр Рахманаў;
  • начальнік 230-га агульнавайсковага палігону ў Баранавіцкім раёне Аляксей Лабко;
  • першы намеснік дзяржаўнага сакратара Савету бяспекі Павел Муравейка;
  • начальнік Дэпартаменту міжнароднай вайсковай супрацы Мінабароны Валерый Равенка;
  • старшыня Камітэту дзяржкантролю Васіль Герасімаў;
  • начальнік 174-га навучальнага палігона вайскова-паветраных сілаў і войскаў СПА Віталь Яфанаў;
  • камандзір 61-й авіябазы ў Баранавічах Леанід Давідовіч;
  • намеснік начальніка Генеральнага штабу Ўзброеных сілаў Беларусі Сяргей Лагадзюк;
  • начальнік Гомельскага філіялу дзяржаўнага прадпрыемства «Белаэранавігацыя» Уладзімір Чаравухін;
  • намеснік старшыні Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Беларусі Вячаслаў Рассалай.

Усе яны, як мяркуюць у ЕЗ, датычныя да спрыяння Расеі ў вайне ва Украіне. Напрыклад, Рахманаў адказны за прасоўванне вайскова-тэхнічнай супрацы з Расеяй, Мішчанка – за павелічэнне паставак узбраення і вайсковай тэхнікі ў Расею, Лабко – за падрыхтоўку на палігоне мабілізаваных расейцаў, Давідовіч – за выкарыстанне баранавіцкага аэрадрому расейскімі знішчальнікамі, якія атакавалі Украіну.

Фігурантам пераліку забароняць уезд у ЕЗ, іхныя актывы там, калі знойдуць, замарозяць.

Алігарх беларускага паходжання Мазепін не змог пераканаць суд Еўразвязу зняць санкцыі

Паводле неафіцыйных звестак, галоўным у новым пакеце санкцыяў Еўразвязу стане забарона на гандаль расейскімі дыяментамі і звадкаваным газам. Імаверна, у Расею забароняць экспарт хімічных рэчываў, літыевых батарэяў, тэрмастатаў, рухавікоў пастаяннага току, маторы для беспілотнікаў, станкі і дэталі абсталявання, якія можна выкарыстоўваць у вайсковай прамысловасці.

Акрамя таго, прапанавана абавязаць еўрапейскія кампаніі, якія кантралююць расейскія фізічныя або юрыдычныя асобы, атрымліваць дазвол на вывад грошай за межы ЕЗ.

Усе гэтыя прапановы абмяркуюць у Бруселі на гэтым тыдні.

Эксперты BEROC: санкцыі ЕЗ непрадукцыйныя. Абмежаванні мусяць мець эфект неспадзяванкі

Сцяпан Кубік belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны