У Віцебску памёр журналіст Вадзім Баршчэўскі

Вадзім Баршчэўскі сышоў на 73-м годзе жыцця. Гэта быў адзін з найстарэйшых журналістаў Віцебску, пэўны час ён кіраваў віцебскай суполкай БАЖ, супрацоўнічаў з рознымі выданнямі, пісаў вершы, у канцы 1990-х выдаваў газету «Лад», у 2000-я быў шэф-рэдактарам газеты «Витебский курьер», піша Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Вадзім Баршчэўскі. Крыніца фота: baj.by

Вадзім Баршчэўскі нарадзіўся ў 1950 годзе ў Полацку. Ён старэйшы брат беларускага філолага і палітыка Лявона Баршчэўскага. Скончыў філфак БДУ, там пазнаёміўся са сваёй жонкай Аленай, якую падчас цяжкай хваробы даглядаў да апошняга дня. На ўсё жыццё сям’я Вадзіма Баршчэўскага захавала студэнцкае сяброўства з Канстанцінам і Таццянай Севярынцамі, бацькамі вядомага палітыка і журналіста. У Віцебску яны жылі побач і вельмі часта сустракаліся.

«Вадзім быў чалавекам з вельмі актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, гэтым вызначалася і ягоная журналісцкая праца – бескампрамісная і адданая. Настаўнік паводле адукацыі, ён некалькі гадоў выкладаў расейскую мову і літаратуру ў сярэдняй школе № 12, потым, да пенсіі – у вучэльні алімпійскага рэзерву.

Пра ягоныя ўрокі вучні да гэтай пары ўзгадваюць як пра самыя яскравыя і незабыўныя. Колькі разоў была сведкай, як весела і шумна выхаванцы наведвалі свайго выкладчыка! А яшчэ Вадзім пісаў вельмі лірычныя і тонкія вершы па-расейску, некалькі разоў збіраўся сесці, каб іх сістэматызаваць і падрыхтаваць зборнік. Але так і не паспеў», – распавядае Таццяна Севярынец.

Яшчэ адна важная старонка жыцця Вадзіма Баршчэўскага – гэта правядзенне мастацкіх пленэраў, запачаткаваных Адай Райчонак.

Вадзіма Баршчэўскага не аднойчы затрымлівалі падчас асвятлення розных апазіцыйных акцыяў у Віцебску, у тым ліку з удзелам ягонага сябра, праваабаронцы і журналіста Валерыя Шчукіна.

«Белсат» выказвае глыбокія спачуванні блізкім і родным Вадзіма Баршчэўскага.

Зміцер Міраш belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны