Ва Украіне з пачатку вайны загінулі 447 дзяцей

За час поўнамаштабнай збройнай агрэсіі Расейскай Федэрацыі ва Украіне загінулі 447 дзяцей, 856 – атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці. Пра гэта паведаміў Офіс генеральнага пракурора Украіны, спасылаючыся на афіцыйныя звесткі ювенальных пракурораў.

Офіс генеральнага пракурора адзначае, што пададзеныя лічбы не канчатковыя. Праца для выяўлення фактаў аб пацярпелых дзецях у месцах вядзення баявых дзеянняў на часова акупаваных і вызваленых тэрыторыях працягваецца. Больш за ўсё пацярпела дзяцей у Данецкай (426), Харкаўскай (267) і Кіеўскай (117) вобласцях Украіны.

Гэтак, 14 снежня ў выніку абстрэлу расейцамі Херсону загінуў 8-гадовы хлопчык. Падчас фіксацыі ваенных злачынстваў, учыненых на тэрыторыі Мікалаеўскай вобласці, у вёсцы Новапятроўка Баштанскага раёну выявілі факт гібелі трох маленькіх сясцёр, якія трапілі пад расейскі абстрэл.

Паводле UNICEF, амаль кожнае дзіця ва Украіне засталося без сталага доступу да святла, ацяплення і вады. У арганізацыі падлічылі, што паўтара мільёна ўкраінскіх дзяцей рызыкуюць атрымаць праз вайну псіхічныя траўмы, у прыватнасці, дэпрэсію, трывогу і посттраўматычныя стрэсавыя разлады.

14 снежня Сейм Польшчы прызнаў Расейскую Федэрацыю дзяржавай, якая падтрымлівае тэрарызм і ўжывае тэрарыстычныя метады. 23 лістапада Еўрапарламент прызнаў Расею спонсарам тэрарызму.

Зміцер Міраш belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны