У Беларусі будуць судзіць памерлага чалавека ў справе аб генацыдзе

Генеральны пракурор Андрэй Швед скіраваў у Вярхоўны Суд крымінальную справу супраць ужо памерлага Уладзіміра Катрука. Справу вядуць у межах дзейнасці Шведа ў барацьбе з «генацыдам беларускага народу».

Генеральны пракурор Андрэй Швед апавядае пра сваю ініцыятыву аб крымінальнай справе супраць памерлага Катрука. Скрыншот:«Белсат»

«Сёння я скіраваў у Вярхоўны Суд для вызначэння падсуднасці крымінальную справу ў дачыненні Катрука. Гэта адзін з катаў, які ў тым ліку браў удзел у спаленні Хатыні, але, схаваўшыся на тэрыторыі Канады, пазбег пакарання, памёр у 2015 годзе. Бліжэйшым часам Вярхоўны Суд вызначыць, які суд будзе разглядаць гэтую крымінальную справу. Будзе ў тым ліку ў дачыненні гэтага ката пастаўленая прававая кропка, а пра ягоныя злачынствы з улікам выраку нашага суда, будзе вядома шырокай грамадскасці», – адзначыў Швед.

Галоўны пракурор анансаваў, што падобная практыка будзе працягвацца.

Уладзімір Катрук памёр у веку 93 гадоў у Канадзе. Падчас Другой сусветнай вайны ён быў у 118-м батальёне дапаможнай паліцыі, што датычны да забойства жыхароў Хатыні. У Канадзе вялося расследаванне ў гэтай справе, але дастатковых доказаў супраць Катрука не знайшлі.

Навошта ў Беларусі ўводзяць «трупны сінод»? Разважае юрыст

Закон аб крымінальным пераследзе памерлых з’явіўся ў Беларусі з падачы Генеральнай пракуратуры 17 ліпеня.

Выпадак Катрука не першы ў Беларусі, калі судзяць загінулых. Напрыклад, забітага падчас пратэстаў 2020 года Генадзя Шутава прызналі вінаватым у супраціве сілавікам. Аднак пакарання не прызначылі.

Забітага Генадзя Шутава прызналі вінаватым у супраціве сілавікам. Сведку забойства пасадзілі на 10 гадоў

Арсен Рудэнка belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны