Яўген Жураўскі дыстанцыйна стаў фігурантам крымінальнай справы ў Беларусі за ўдзел у акцыі салідарнасці ў Польшчы. У канцы верасня мінулага года ён выйшаў на пікет каля беларускай амбасады ў Варшаве. Акцыя была прысвечаная памяці Андрэя Зельцара, забітага супрацоўнікамі КДБ Беларусі. Супраць Яўгена ў Следчым камітэце Беларусі завялі крымінальную справу на падставе відэа з інтэрнэту. А праз два месяцы ў мамы Яўгена Жураўскага прайшоў ператрус.
Яўген Жураўскі з Баранавічаў, але цяпер жыве ў Варшаве. Мы сустракаемся ў маленькай кватэры, дзе стаяць скрынкі з кнігамі. Наш герой паказвае кнігу Ігара Аліневіча на беларускай мове, якую цяпер распаўсюджваюць у Варшаве.
Размову пачынаем з падзеяў 2020-га і пытання, чаму Яўген быў вымушаны з’ехаць з Беларусі.
У кастрычніку 2020 года ў Баранавічах хтосьці кінуў кактэйль Молатава ў вакно пракуратуры і падпаліў машыны сілавікоў. У рамках гэтых спраў прайшоў ператрус у Яўгена і яго сяброў. Ужо пасля гэтых падзеяў Яўген прыняў рашэнне зʼехаць з краіны.
Выязджаў у Польшчу звычайным рэйсавым аўтобусам, а на мяжы ўбачыў як да яго аўтобусу ідуць людзі ў форме.
«Я зразумеў, што яны ідуць кагосьці забіраць. Яны заходзяць, падыходзяць да мяне… і забіраюць двух хлопцаў ззаду мяне. Здаецца ў іх былі праблемы з ваенкаматам».
«Навіна пра Зельцара – першае, што я прачытаў: «Супрацоўніка КДБ забілі», і гэта была радасць. Потым даведаўся пра Зельцара і прыйшло разуменне, што загінулі два хлопцы аднаго ўзросту. Яны маглі б быць сябрамі, калі б не купка старых дурняў ва ўладзе. Складаная тэма для мяне. З аднаго боку я спачуваю абодвум, але Зельцара мне шкада больш.
У чаце дыяспары Варшавы я прапанаваў выйсці да амбасады Беларусі, што падтрымалі каля 20 чалавек. Справу завялі за невялікае выступленне. Я там казаў, што два чалавекі загінулі і гэта дрэнна. А іх мабыць напалохала тое, што я сказаў: «Зельцар – свабодны беларус са зброяй».
Пра крымінальную справу Жураўскі даведаўся з заявы СК. Гаворка ішла аб распальванні сацыяльнай варожасці па 130 артыкуле ў частцы 3.
«Альфа – адно з самых страшных падраздзяленняў – публічна абняславілася. Яны не ведаюць што рабіць, калі ў іх страляюць. Адчувалася істэрыка ў голасе аднаго з супрацоўнікаў, які крычыць: «Нірвана паранены!». Людзі ўбачылі, што яны не нейкія ўсёмагутныя багі, якія могуць вяршыць нашыя лёсы. А гэта простыя людзі, якім пры выглядзе ўзброенага чалавека таксама страшна. І, я думаю, улада з-за гэтага злуецца».
Праз два месяцы ў рамках справы, якая заведзеная па 4 артыкулах КК, прайшоў ператрус у маці Жураўскага. Сілавікі прыйшлі са шчытамі і выбілі дзверы, уляцелі ў кватэру са зброяй. Мама Яўгена была ў гэты час на працы. Дарэчы, ён там нават не быў зарэгістраваны.
«Яны спрабуюць паказаць, што кватэры беларусаў – гэта памыйніцы. Я ведаю, як яны гэта робяць. У аднаго майго таварыша быў ператрус, яны дасталі пакет са смеццем, раскідалі па пакоі і сфатаграфавалі. Як быццам ён так жыве.
Малайцы, вельмі разумныя хлопцы! А ў мяне яны апублікавалі відэа, дзе заходзяць у чысценькую кватэру, мая мама вельмі ахайная. Яны перавярнулі ўсе рэчы ў маміным пакоі, забралі ўсе сямейныя фатаграфіі. Яна спытала ў іх: «Трусы вам мае чым перашкодзілі»? Мама іх адчытвала. У нас нешта з упрыгожанняў прапала. Але гэта не навіна, многія распавядалі, што пасля ператрусаў знікалі золата і грошы».
Думаю, што яны заводзяць гэтыя крымінальныя справы з-за помсты, кажа наш суразмоўца. «Я не магу табе нічога зрабіць, то хоць пад дзверы напаскуджу. У іх больш магчымасцяў – яны могуць прыйсці і разграміць дом».
Да Рамана Халілава, другога фігуранта справы Яўгена, таксама прыйшлі з ператрусам. Яго маці паставілі на калені і знялі на відэа, у тэлефоне ў жанчыны знайшлі фатаграфіі з пратэстаў і завялі на яе крымінальную справу. Цяпер жанчына знаходзіцца ў СІЗА.
«З-за мяне пакутуе мая мама, хоць ніякага дачынення да маёй дзейнасці яна не мае. Мама прасіла быць асцярожней, ёй 63 і ў яе вялікія праблемы са здароўем. Яна просіць быць акуратней, але разумее, што я не вінаваты. Я прапанаваў сваёй маме пераехаць, але яна не пагадзілася. У яе кватэра, праца, сацыяльныя сувязі, кот…».
«Выпадак з Зельцарам – гэта гісторыя пра тое, наколькі вар’яцкі градус міліцэйскага гвалту. Людзі гатовыя браць зброю ў рукі, ведаючы што іх забʼюць. Але толькі б не трапляць ім у лапы. Уся краіна ведае, што цябе чакае, калі ты да іх трапляеш. А гісторыя ў Рэчыцы пра тое, што цябе могуць забіць, нават проста калі ты піў піва на вуліцы, і ім за гэта нічога не будзе».
Мы папрасілі юрыстку праваабарончай арганізацыі Human Constanta растлумачыць гэты прававы момант. Яе адказ:
«На практыцы, калі чалавек знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы і здзейсніў злачынства на тэрыторыі Польшчы, то фармальна гэта не павінна выклікаць рэакцыю ў Беларусі. Але ёсць прынцыпы ўніверсальнай юрысдыкцыі, гэта значыць, што па некаторых злачынствах можна ўзбуджаць крымінальныя справы, нават калі яны былі здзейсненыя не ў Беларусі. Гэта злачынствы супраць чалавечнасці і гуманітарнага права: генацыд, прапаганда вайны, акт міжнароднага тэрарызму. І побач ёсць артыкул 130 КК РБ па распальванню расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні. І менавіта па гэтым артыкуле беларускія ўлады сталі заводзіць крымінальныя справы нават на тых, хто знаходзіцца за мяжой».
Хутчэй за ўсё, на Яўгена крымінальную справу завялі не выпадкова. Да выбараў Яўген займаўся анархісцкім актывізмам і валанцёрыў у некалькіх праваабарончых арганізацыях. Ён з таварышамі працаваў з нефармальнай моладдзю, рабіў музычныя мерапрыемствы, арганізоўваў канцэрты для гуртоў, тэксты якіх былі палітызаваныя. І праводзілі для іх асветніцкія мерапрыемствы – усё гэта аб’ядноўвалася пад назвай «Baranki punX». У Менску на пратэставых акцыях Яўген выходзіў у складзе анарха-блока.
А ў 2020 годзе, калі Жураўскі ўбачыў колькі людзей прыходзіць на перадвыбарчыя пікеты, напісаў арганізатарам і прапанаваў ім гукавую апаратуру бясплатна. 9-га жніўня Яўгена затрымалі адным з першых у Баранавічах выпадкова.
«У адным з двароў мы ішлі з таварышамі і «пашанцавала» – бус проста завярнуў не ў той паварот. У РУУС супрацоўнік крымінальнага вышуку Валуй, мы з ім знаёмыя ўжо гадоў 10 напэўна, падышоў і сказаў: «Жэнёк, здарова! Як справы?» І ў кабінеце чытаў мне лекцыю, што калі не Лукашэнка, то будзе Расея. Зараз-та ён, вядома, скажа што пагражае Захад».
А пазней усё па ўжо вядомым сцэнары – выязны суд прама ў будынку ІЧУ, 15 сутак. Ён не ведаў, што адбываецца ў краіне, бо сядзеў у чатырохмясцовай камеры з актывістамі, якіх затрымалі яшчэ да выбараў. 16 жніўня хлопца выпусцілі:
«Я нічога не зразумеў – нейкія людзі, нейкія сцягі, музыка. Першая думка – усё! Я падумаў, што Саша зваліў у Растоў».
На наступны дзень пасля нашага інтэрв’ю СК уключыў Яўгена ў групу «Рэвалюцыйнае дзеянне» (у гэтую ж групу следчыя ўключылі вядомых анархістаў – Ігара Аліневіча і Мікалая Дзядка). Яўген кажа, што не мае да іх дачынення.
Аліса Ганчар/ІР belsat.eu