Да палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк не пусцілі адваката

Адвакат Паліны Шарэнды-Панасюк адмыслова прыехаў з Берасця ў Гомельскую вобласць у калонію № 24, каб сустрэцца з ёй, але атрымаў адмову. Яму паведамілі, што Паліна мусіла напісаць заяву, што хоча сустрэцца з адвакатам, але не зрабіла гэтага. Пра гэта «Белсату» паведамілі родныя палітзняволенай.

Паліна Шарэнда-Панасюк. Крыніца: spring96.org

Са словаў родных, Паліна адказна ставіцца да такіх момантаў, і ўсе заявы напісаныя загадзя.

«Больш за месяц ад маёй жонкі няма ніякіх навінаў, і мы не ведаем, што з ёй адбываецца. Адзінае, што вядома, што на Новы год Паліну змясцілі ў ШІЗА, і час перабывання там не залічваецца ў час перабывання ў ПКТ. Фактычна Паліна можа заставацца ў памяшканні камернага тыпу значна больш, чым тыя паўгода, што ёй выпісалі», – распавёў «Белсату» муж палітзняволенай Андрэй Шарэнда.

Нагадаем, што палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк цяпер у жаночай папраўчай калоніі № 24 (Зарэчча Рэчыцкага раёну Гомельскай вобласці), куды яе перавялі з СІЗА № 3 Гомля. У няволі яна застаецца ўжо больш за два гады, яе затрымалі 3 студзеня 2021 года.

У чэрвені 2021 года суддзя Яўген Брэган прысудзіў Паліне 2 гады зняволення паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 368 («Абраза прэзідэнта»), арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і арт. 364 («Гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў»).

7 красавіка 2022 года Паліне дадалі яшчэ 1 год калоніі да асноўнага тэрміну. Такі вырак прызначыў суддзя суда Чыгуначнага раёну Гомля Мікалай Крупадзёраў. Жанчыну судзілі ў закрытым рэжыме за нібыта парушэнне ч. 2 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»).

Супраць Андрэя Шарэнды таксама завялі некалькі крымінальных справаў, але яму ўдалося пакінуць Беларусь, а пазней вывезці двух сыноў, якіх Паліна не бачыць ужо больш за два гады.

АЛ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны