Да «хатняй хіміі» засудзілі двух берасцейцаў, якіх моцна збілі пасля затрымання ў дзень выбараў

Суд Ленінскага раёну Берасця прысудзіў 18-гадовага Аляксея Куфко да 1 года 8 месяцаў, а 19-гадовага Максіма Чыжэўскага – да 1 года 6 месяцаў «хатняй хіміі». Такое пакаранне прызначыў ім суддзя Андрэй Грушко.

Маладыя людзі былі прызнаныя вінаватымі ў крымінальных злачынствах паводле двух артыкулаў: 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і 296 («Незаконныя дзеянні ў дачыненні халоднай зброі»).

Як стала вядома «Белсату», Аляксея Куфко і Максіма Чыжэўскага затрымалі на адным з берасцейскіх пляжаў 9 жніўня 2020 года. На іх склалі адміністратыўны пратакол за перанос халоднай зброі. А пазней абвінавацілі ў тым, што яны нібыта рыхтуюцца да пратэстаў, і затрымалі паўторна.

Паводле следства, Куфко і Чыжэўскі з 10 да 11 жніўня 2020 года «выпрацоўвалі план злачынства». З мэтай яго рэалізацыі набылі нож для падводнага палявання і дайвінгу, дымавую шашку, піратэхнічныя вырабы, рагатку, а таксама сродкі індывідуальнай абароны на выпадак ужывання ў дачыненні іх фізічнай сілы.

Ніякіх доказаў удзелу хлопцаў у пратэстах суд не меў.

Як дадае праваабарончы цэнтр «Вясна», абвінавачаных праслухоўвалі, і з размоваў, якія хлопцы вялі паміж сабой 9-10 жніўня, былі зробленыя высновы, што берасцейцы маюць намер ужыць фізічную сілу ў дачыненні міліцыянтаў. Хлопцаў пасля затрымання моцна збілі: судмедэксперты налічылі ў Аляксея Куфко 42 пашкоджанні. Крымінальнай справы з гэтай нагоды не заводзілі.

На «хіміі» затрымалі і адвезлі ў СІЗА палітвязня, асуджанага за надпіс «Не забудзем» каля «Пушкінскай»

АЛ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны