Выданне «Зеркало» паведаміла аб памілаванні дзевяцёх фігурантаў «справы TUT.BY». Іх абвінавачвалі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў.
Фігуранты «справы TUT.BY» памілаваныя пасля таго, як напісалі адпаведныя хадайніцтвы аб вызваленні аб крымінальнай адказнасці. Іх абвінавачвалі ў дапамаганні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Паводле звестак выдання «Зеркало», усяго былі памілаваныя 9 супрацоўнікаў знішчанага «TUT.BY».
Адзін з іх, кіраўнік Hoster.by Сяргей Павалішаў, у сваім Facebook напісаў: «Днямі ў гэтай гісторыі была пастаўленая кропка – нас памілавалі (прашэнне было пададзенае яшчэ напрыканцы снежня)».
Пераслед супрацоўнікаў «TUT.BY» учынілі праз абвінавачванні ў нявыплаце падаткаў. Цяперашнія ўлады палічылі, што кампанія «ТУТ БАЙ МЕДИА» нібыта ўхіліся ад выплаты падаткаў дзякуючы статусу рэзідэнта Парка высокіх тэхналогіяў.
Пераслед супрацоўнікаў «TUT.BY» сілавікі распачалі ў 2021 годзе. Пасля вобшукаў у галоўным офісе ў Менску, а таксама ў рэгіянальных філіялах у Берасці, Гомлі, Віцебску, Магілёве і Горадні былі затрыманыя 15 асобаў. З цягам часу амаль усе яны апынуліся на волі.
Алена Талкачова, Вольга Лойка і Кацярына Ткачэнка з’ехалі за мяжу, іх абвесцілі ў вышук, калі яны не з’явіліся ў суд.
Галоўную рэдактарку «TUT.BY» Марыну Золатаву і генеральную дырэктарку Людмілу Чэкіну асудзілі на 12 гадоў калоніі. Суддзя Валянціна Зянкевіч палічыла іх вінаватымі ў распальванні варожасці і закліках да санкцыяў, а Чэкіну – і ва ўхіленні ад выплаты падаткаў.
Сяргей Крот belsat.eu