У Ізраілі пятнаццаты тыдзень трываюць пратэсты праз судовую рэформу

У Ізраілі не спыняюцца пратэсты, нягледзячы на прыпыненне судовай рэформы. У суботу, паводле ацэнак арганізатараў, акцыі адбыліся ў 150 лакацыях па ўсёй краіне, на вуліцы выйшлі блізу 400 тысячаў грамадзянаў, піша выданне Times of Israel.

Акцыя супраць судовай рэформы. Тэль-Авіў, Ізраіль. 15 красавіка 2023 года. Фота: Asslan Khalil / Twitter

Галоўнае патрабаванне дэманстрантаў – цалкам скасаваць судовую рэформу, а не прыпыніць яе. Арганізатары пратэстаў сцвярджаюць, што ў суботу на акцыі выйшлі каля 400 тысячаў асобаў. Самая буйная маніфестацыя адбылася ў Тэль-Авіве, яна сабрала 150 тысячаў удзельнікаў. Там здарыліся сутыкненні з паліцыяй, былі ўжытыя вадамёты. Сямёра дэманстрантаў затрыманыя.

Пры гэтым у некаторых гарадах зладзілі былі ў падтрымку рэформы, аднак, як піша Times of Israel, масавымі яны не сталіся. Напрыклад, у акцыі ў Нетаніі, дзе з прамоваю выступіў прыхільнік зменаў, міністр бяспекі Ітамар Бэн-Гвір, бралі ўдзел 150 асобаў, а да дэманстрацыі супраць рэформы ў гэтым жа горадзе далучыліся 24 тысячы грамадзянаў.

Напярэдадні новых дэманстрацыяў міжнароднае агенцтва Moody’s пагоршыла эканамічны рэйтынг Ізраілю з «пазітыўнага» на «стабільны». Аналітыкі папярэдзілі, што краіна можа стаць менш прывабнай для інвестараў праз наступствы судовай рэформы.

Змены ў судовай сістэме прасоўвае прэм’ер-міністр Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу. Ён хоча надзяліць парламент правам касаваць пастановы Вярхоўнага суда, а таксама ўзмацніць кантроль ураду за выбарамі суддзяў Вярхоўнага суда.

27 сакавіка Нэтаньягу абвесціў пра прыпыненне рэформы.

«Баяцца дыктатуры». Сотні тысяч грамадзянаў Ізраілю пратэстуюць супраць рэформы Вярхоўнага Cуда

Сяргей Крот belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны