Улады запланавалі малітву «За Беларусь!». Ад цэркваў патрабуюць «шырокага прыцягнення вернікаў»

Праваслаўнае набажэнства. Фота: АВ / Белсат

На афіцыйны Дзень Незалежнасці Беларусі дзейныя ўлады запланавалі правядзенне малітвы «За Беларусь!». Пры гэтым яны заклікаюць рэлігійныя арганізацыі краіны дапамагчы з арганізацыяй набажэнства.

Гэтак, у лісце кіраўніку Менска-Магілёўскай каталіцкай архідыяцэзіі Казіміру Велікасельцу адзначаецца, што рэспубліканскі план мерапрыемстваў правядзення ў 2021 годзе Года народнага адзінства, зацверджаны пастановай Савету Міністраў ад 2 лютага № 64, прадугледжвае правядзенне ўсебеларускай малітвы «За Беларусь!» з удзелам асноўных канфесіяў.

«Просім Вас, Ваша Эксцэленцыя, арганізаваць 3 ліпеня 2021 г. ва ўсіх касцёлах Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-каталіцкай царквы ранішняе набажэнства з шырокім прыцягненнем вернікаў у памяць аб вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і прысвечанае Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дню Рэспублікі)», – піша ўпаўнаважаны ў справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак.

Пра арганізацыю малітвы 13 чэрвеня паведаміў тэлеграм-канал «Ник и Майк». Паводле апублікаванага ім ліста Румака, ініцыятарам акцыі стала адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі. Такую малітву прапаноўваюць правесці не толькі каталікам, але таксама і праваслаўным, юдэям і мусульманам «у мэтах найбольш шырокага ўключэння грамадзянаў, эфектыўнасці з пункту гледжання і ўспрымання правядзення акцыі».

«Гэта адбылося па ўказцы дзяржавы». Былы архіепіскап Арцемій пракаментаваў сваю адстаўку

Запланаване шырокае прыцягненне не толькі вернікаў, але і «прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання, грамадскасці, культуры і мастацтва».

Не толькі каталікі

Міжканфесійная група Каардынацыйнай рады «Хрысціянская візія» ў сваю чаргу адзначае, што мітрапаліт Веньямін ужо распарадзіўся правесці «ва ўсіх святынях і абіцелях Беларускай Праваслаўнай Царквы» малітву 3 ліпеня пасля набажэнства або ў 11:00.

Пры гэтым застаецца не зразумела, як плануецца арганізаваць масавасць падчас набажэнстваў 3 ліпеня, піша «Хрысціянская візія». Асабліва з улікам таго, што 3 ліпеня – гэта субота, якая не ёсць асноўным літургічным днём для большасці канфесіяў Беларусі, дадае «Rerum Novarum».

Ватыкан падтрымаў законныя патрабаванні беларускага народу

Малітва пройдзе не паводле плану ўладаў?

«Хрысціянская візія» таксама прапаноўвае тым, хто будзе вымушаны ўдзельнічаць у афіцыйнай малітве 3 ліпеня выкарыстоўваць белыя ці бел-чырвона-белыя строі, выконваць гімн «Магутны Божа». Таксама святарам прапаноўваецца ўжываць уласныя тэксты з асуджэннем гвалту, малітвамі за палітвязняў і гэтак далей.

«Калі будзе такая магчымасць, то просім дадаць у агульную малітву вернікаў падчас любой святой імшы 3 ліпеня заклік пра еднасць і супакой у нашай краіне, а таксама заклік пра тое, каб рашэнні, якія прымаюцца сёння, у ХХІ стагоддзі, не вялі да таго жаху, які меў месца ў ХХ стагоддзі», – цытуе Catholic.by натарыуса Курыі Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксяндза Рамана Страшко.

МГ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны