Машыну польскіх памежнікаў абстралялі з беларускага боку

Некалькі дзён таму аўтамабіль польскіх памежнікаў быў абстраляны з невядомай зброі з беларускага боку. Аб гэтым паведаміў палкоўнік памежных войскаў Польшчы Аркад’юш Тывонюк у інтэрв’ю радыё RMF 24.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Straz_Graniczna / Twitter

Паводле палкоўніка, пакуль невядома, хто, з якой мэтай і з якой зброі абстраляў машыну памежнай службы.

Ён адзначыў, што «хуткасць і кінетычная энергія» таго, чым стралялі, былі значныя. «Не ведаю, ці быў зроблены стрэл з нейкай пнеўматычнай зброі, але ў любым выпадку прадмет прабіў бакавое шкло аўта, вылецеў з іншага боку і прабіў наступнае шкло», – паведаміў палкоўнік.

Таксама Аркад’юш Тывонюк падкрэсліў, што ў аўце сядзелі двое афіцэраў, таму «гэта пагражала іхнаму жыццю і здароўю».

Паводле палкоўніка, амаль штодня ў бок польскага памежнага патруля ляціць каменне.

Інфармацыя пра інцыдэнт была перададзеная на разгляд у польскі Сейм. Таксама адзначаецца, што ад пачатку 2023 года было зроблена 12,3 тысячы спробаў нелегальнага пераходу мяжы, найчасцей такія спробы робяць выхадцы з Афганістану, Сірыі, Самалі, Емену і Іраку.

Раман Шавель belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны