«Мы бачым пэўнае рыхтаванне». У NATO абмеркавалі планы Расеі размясціць ядравую зброю ў Беларусі

Планы Расеі перавезці ў Беларусь ядравую зброю абмеркавалі сёння на пасяджэнні Групы ядравага планавання NATO. Пра гэта кіраўнік альянсу паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Бруселі. «Мы будзем уважліва сачыць. Мы будзем захоўваць пільнасць», – заявіў Енс Стольтэнбэрг.

Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг на прэс-канферэнцыі ў Бруселі. 16 чэрвеня 2023 года. Фота: NATO / nato.int

Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг паведаміў, што сёння Група ядравага планавання абмеркавала сітуацыю з перасоўваннем у Беларусь расейскай ядравай зброі. Кіраўнік альянсу пры гэтым адмовіўся раскрываць падрабязнасці гэтай сустрэчы:

«Вядома ж, мы сур’ёзна ставімся да таго, што Расея абвясціла аб размяшчэнні ядравай зброі ў Беларусі. Мы бачылі, што ідзе пэўнае рыхтаванне. Мы будзем уважліва сачыць за тым, што яны робяць. Мы будзем захоўваць пільнасць».

Стольтэнбэрг адзначыў, што пакуль дзеянні Масквы і Менску не вымусілі NATO нешта змяніць у сваёй пазіцыі.

«Дагэтуль мы не бачылі ніякіх зменаў у разгортванні расейскага ядравага патэнцыялу, што патрабуе якіх-кольвек зменаў у нашай пазіцыі, але мы будзем пастаянна ацэньваць, што рабіць», – падсумаваў генеральны сакратар NATO.

Кіраўнік NATO агучыў «Белсату» рэакцыю Альянсу на размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі

Раней сталая прадстаўніца ЗША пры NATO Джульен Сміт адказала на пытанне карэспандэнта «Белсату» наконт намераў размяшчэння расейскай ядравай зброі ў Беларусі.

«Мы, Злучаныя Штаты, вельмі адкрыта папярэдзілі расейцаў пра рызыкі выкарыстання тактычнай ядравай зброі, любой ядравай зброі ў гэтай вайне. І мы папярэдзілі іх пра наступствы, сур’ёзныя наступствы, з якімі яны сутыкнуцца, калі захочуць гэта зрабіць. Мы будзем вельмі ўважліва сачыць за гэтым, асабліва ў сувязі з любымі новымі падзеямі ў Беларусі», – сказала Джульен Сміт.

Ядравую зброю Аляксандр Лукашэнка і расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін плануюць размясціць у Беларусі 7-8 ліпеня, напярэдадні саміту NATO ў Вільні. Паводле дамовы, падпісанай міністрамі абароны дзвюх краінаў, кантроль за гэтай зброяй застанецца за Масквою.

«Мы папярэдзілі пра сур’ёзныя наступствы». Амбасадарка ЗША пра ядравыя пагрозы Лукашэнкі

Сяргей Крот belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны