У Кіеў прыбываюць лідары афрыканскіх краінаў, каб прэзентаваць свой мірны план

16 чэрвеня ў Кіеў з’язджаюцца лідары краінаў Афрыкі, каб на сустрэчах з украінскімі ўладамі прэзентаваць свой мірны план. Пасля Кіева яны збіраюцца наведаць Санкт-Пецярбург, каб расказаць пра свае ініцыятывы і расейскаму боку. Адзін з пунктаў мірнага плану наўпрост датычыць Беларусі.

Прэзідэнт Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі Сірыл Рамапхоса. Фота: Сірыл Рамапхоса / Twitter

Раніцай 16 чэрвеня ва ўкраінскую сталіцу ўжо прыбыў прэзідэнт Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі Сірыл Рамапхоса. Таксама чакаецца, што сёння прыбудуць лідары Каморскіх астравоў, Уганды, Конга і Сенегалу. Не выключаюць прыезду прэзідэнта Егіпту.

У сакавіку 2022 года прэзідэнт ПАР Сірыл Рамапхоса зрабіў заяву аб тым, што ягоны ўрад папрасілі адыграць ролю пасярэдніка ў вайне паміж Расеяй і Украінай. У траўні стала вядома, што Рамапхоса меў тэлефонныя размовы з Уладзімірам Пуціным і Уладзімірам Зяленскім, у якіх выказаў прапанову наведаць па чарзе абедзве краіны і агучыць свой пункт гледжання на магчымае заканчэнне вайны.

Як удалося высветліць «Reuter, у плане, падрыхтаваным афрыканскімі краінамі, прадугледжаныя наступныя пункты:

  • вывад расейскіх войскаў;
  • вываз тактычнай ядравай зброі з Беларусі;
  • прыпыненне выканання ордару Міжнароднага крымінальнага суда на арышт Уладзіміра Пуціна;
  • паслабленне санкцыяў супраць Расейскай Федэрацыі;
  • безумоўная ўгода аб збожжы і ўгнаеннях.

Пасля візіту ў Кіеў афрыканскія лідары паедуць цягніком у Польшчу, а адтуль двума спецрэйсамі накіруюцца ў Санкт-Пецярбург на сустрэчу з Пуціным.

Раман Шавель belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны