Дырэктарка «Белсату» пра атаку сілавікоў на журналістаў у Менску

Агнешка Рамашэўская-Гузы дырэктарка тэлеканалу «Белсат» пракаментавала атаку беларускіх сілавікоў на журналістаў у Беларусі. Відэа версія размовы выйдзе ў вечаровым інфармацыйным выданні «Белсату».

У гэтай сітуацыі мы павінныя толькі сказаць, па-першае, – працуем далей; гэта прынцыповая пазіцыя, бо трэба паставіць пытанне, якая мэта таго, што адбылося. А мэта такая, каб пазбавіць грамадзянаў доступу да інфармацыі, канчаткова і цалкам. У Беларусі ёсць такое ўяўленне, што гэта магчыма. Я лічу, што гэта не ёсць магчымым, а таксама не магчыма спыніць дзейнасць «Белсату». Гэта выключна ўяўленне ўладаў Беларусі, што такое можна зрабіць. У гэтай сітуацыі нашым адказам павінна быць актыўнасць – але адпаведная актыўнасць. Мы надалей гатовыя працаваць і прымаем гэта ўсё як яшчэ адну праяву дыктатуры і яшчэ адну праяву тэрору, з якім маем дачыненне ў гэты момант, а практычна – штодня.

Па ўсёй краіне прайшла атака сілавікоў на журналістаў «Белсату». Галоўнае

Тут няма чаго рабіць выгляд, што нічога не здарылася. Безумоўна, гэта будзе вельмі цяжка, бо мы маем праціўніка. Трэба ўжо цяпер сказаць адкрыта: гэта праціўнік. Калі нехта намагаецца цалкам нішчыць якое-кольвечы вольнае слова, то ён праціўнік, а з праціўнікам вядзецца барацьба. Гэта будзе нялёгкая барацьба, але гэта можна зрабіць. Безумоўна, трэба будзе яшчэ паводзіць сябе абсалютна інакш, чымся мы гэта рабілі да гэтага моманту. І як – я гэтага не буду распавядаць у дэталях. Але, мяркую, што гэта атрымаецца, прынамсі ў пэўнай ступені. І поўнае спыненне перадачы інфармацыі ў сённяшні час – ну, не ведаю, ці ўвогуле магчыма. Бо, можа, усё на гэтым свеце магчыма (бачым Паўночную Карэю), але, мяркую, што ў Еўропе ўсё ж не магчыма. У кожным выпадку гэта бязмежна складана. І, мяркую, мы выкарыстаем усе гэтыя магчымасці, якія будуць. Але ж таксама гэта добрая воля нашых журналістаў, як бы яны хацелі працаваць. І, лічу, што, на шчасце, не пра ўсіх улады ведаюць.

Беларускія журналісты, якія знаходзяцца за кратамі. Фота: Юлія Шаблоўская / Белсат

Як будзе выглядаць праца далей?

Я мяркую, што мы павінныя за гэтым паназіраць цягам бліжэйшага месяца, двух. Пабачым, як будзе выглядаць праца. Мы заўсёды дзейнічалі згодна з прынцыпам спробаў і памылак, то бок практычным шляхам. Ну і пабачым, што ў нас выходзіць. Будзем старацца рабіць як мага больш – як мага больш атрымаецца. Калі будзе такая неабходнасць, то будзе менш інфармацыі, а больш каментавання, але так ці інакш мы ў любым выпадку дойдзем да той інфармацыі. Я абсалютна перакананая. Гэта ў нас дакладна атрымаецца. Для мяне прынцыпова тое, што я хацела б цяпер сказаць нашым гледачам: што яны таксама частка нашай працы. То бок, вельмі шмат інфармацыі мы маем ад іх. І я спадзяюся, што надалей гэтую інфармацыю мы будзем атрымліваць.

Мне здаецца, што гэта яшчэ не разышлося ў дастатковай ступені. Рэжым у нейкім сэнсе ўжо прызвычаіў людзей да пэўнай інфармацыі. Нядаўна мы бачылі ўдар па няўрадавых арганізацыях, арышт Алеся Бяляцкага. Проста людзі не ў Беларусі ўжо не паспяваюць за гэтымі навінамі. Але я ўпэўненая, што гэта пацягне рэакцыі. Але ж найважнейшая рэакцыі – гэта рэакцыя ўнутры. Бо мусім сабе задаць пытанне: якая тут мэта, навошта гэта ўсё робіцца? Базавай мэтай усё ж не ёсць поўнае сціранне, бо гэта не магчыма. Гэта значыць, знішчэнне інфармацыйнага поля, вычышчэнне не ўяўляецца магчымым. Яно, як толькі вычышчаецца, то зноўку запаўняецца. Адзінае, што магчыма, – гэта застрашванне тых, хто яго могуць запаўняць.

Чацвёрты дзень суда над журналісткамі Белсату. Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай вынеслі прысуд. Ім прысудзілі два гады ў калоніі агульнага рэжыму. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 году. Фота: Белсат

Я лічу, што кожны з тых людзей, хто дзейнічаюць у гэтым полі, мусіць задаць сабе пытанне, асабліва ў Беларусі: як я хачу дзейнічаць? Калі я хачу працаваць далей, магу выехаць, і тады гэта дасць мне магчымасць працаваць там, бо, магчыма, распазнавальны для ўладаў ужо не змагу нічога зрабіць у Беларусі, а можа, застануся ў Беларусі, што ж цяжка, няхай мяне арыштуюць, няхай зробяць, што хочуць, я буду рабіць сваю справу альбо буду рабіць крышку нешта іншае, чымся рабіў да гэтага моманту, надалей буду там, на месцы. Гэта выбар кожнага. Таксама маюцца людзі, якіх улады не ведаюць, і таксама гэта іхны выбар, ці яны захочуць надалей прысылаць інфармацыю, спрабаваць неяк прабіцца, ці таксама дазволяць сябе застрашыць. Гэта базавы прынцып у гэты момант: пасеяць паніку, паніка ў Варшаве, паўсюль, б’юць, канец, ужо нам канец. Гэта не канец! Трэба сабе ясна сказаць: гэта аніякі не канец!

Ці будзе дапамога журналістам?

Гэта абсалютна існуе і гэта будзе. Гэта неабходнасць. Усімі даступнымі сродкамі будзем старацца ім дапамагаць. У нас вельмі шмат журналістаў, а таму гэта не так лёгка. Але дакладна іх не пакінем. Яны і ў Беларусі, і ў Польшчы, і ва Украіне, нашыя журналісты ў розных месцах. Былі змушаныя з’ехаць з розных прычынаў. Уласна, абралі выезд як магчымасць працы і таму, што не змогуць працаваць у Беларусі. Мэты самыя розныя. Але агулам гэтае падтрыманне, без усялякіх сумневаў, будзе. Я асабіста магу сказаць, што прыкладу ўсе намаганні, а таксама я ўпэўненая, што ў гэтай справе нас падтрымае польскі ўрад, – каб мы былі ў стане гэта выканаць. Гэта наш базавы абавязак, узаемная салідарнасць.

Я мяркую, што не, мяркую, што не атрымаецца замяніць незалежныя медыі на дзяржаўныя медыі. На іх перадачу інфармацыі. Я думаю, што прычына ўсіх гэтых дзеянняў у тым, што ў нейкі момант Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да таго, што – як жа ж так можа быць, што ў грамадстве такая вялікая колькасць людзей не любіць гэткага цудоўнага дыктатара, такога цудоўнага чалавека. Мусіць быць нейкая прычына гэтага, а яна не ў ім, як ён лічыць, яна дзесьці па-за ім. Ну і, нарэшце, дайшоў да таго, што прычына – гэтыя медыі, якія нясуць няправільную, неадпаведную карцінку. Ну і вырашыў па іх ударыць. На маю думку, глыбейшага сэнсу ў гэтым няма.

Ці не згубяць незалежныя медыі аўдыторыю?

Частка людзей надалей застаецца з тымі медыямі, частка людзей занураецца ў сябе, перастае цікавіцца, бо гэта надта непрыемна ўсё разам. І таму гэта, вядома, адзіны вынік, на які можна разлічваць. Частка людзей проста перастане цікавіцца палітыкай, а тая частка, прадзяржаўная, застаецца гэтакай самай, а можа, нават і крыху меншай, бо чым далей гэта ідзе, тым больш людзей бачыць, што гэта ўсё няпраўда. А таму яны могуць укласці немаведама колькі грошай у свае «Славянскія базары» і нешта яшчэ, але большасць беларусаў ім усё адно не паверыць».

belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны