Над Севастопалем расейцы збілі дзевяць беспілотнікаў. Украінцы кажуць, апаратаў было больш

Горад Севастопаль у анексаваным Расеяй Крыме ў ноч на 16 ліпеня зазнаў атаку беспілотнікаў. Пра гэта паведаміў у сваім тэлеграм-канале кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі Міхаіл Разважаеў.

Севастопаль. Фота: GIC198 / Wikimedia

Паводле расейскага губернатара, беспілотнікі былі збітыя над морам у ваколіцах мысу Херсанес, Севастопальскай бухты, мысу Манганары і Балаклавы.

Агулам, паведаміў Міхаіл Разважаеў, былі знішчаныя дзевяць беспілотнікаў. 

«Атака была масавай і працяглай. Па ўсіх мэтах нашы вайскоўцы адпрацавалі над морам і на падыходзе да бухтаў», – заявіў ён.

Разважаеў падкрэсліў, што ніякія аб’екты ні ў горадзе, ні ў акваторыі не пацярпелі.

Пры гэтым праўкраінскі тэлеграм-канал «Крымский ветер» адзначае, што расейскія войскі не здолелі збіць усіх беспілотнікаў. Паводле яго, атака на Севастопаль працягваецца.

Адзначым, што ў Крым, у лагер «Артэк», на адпачынак паслалі 33 беларускіх школьнікаў, якія перамаглі ў расейскіх конкурсах. Дзецям ад 12 да 17 гадоў.

Амерыканскія крыніцы і эксперты: Украіна змяніла тактыку контрнаступу. Якім чынам?

Якуб Хруст belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны