Ліквідацыя Беларускай асацыяцыі журналістаў парушае міжнародныя абавязкі, якія ўзяла на сябе Беларусь, сцвярджаюць у RSF.
Міжнародная няўрадавая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» (RSF) 11 жніўня звярнулася ў Вярхоўны Суд Беларусі ў межах інстытуту «сяброў суду» («amicus curiae»), каб аспрэчыць патрабаванне Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі партнёра RSF – недзяржаўнай Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Гэтае патрабаванне грунтуецца на надуманых падставах і скіраванае на тое, каб перашкодзіць журналісцкай арганізацыі працягнуць дзейнасць у абароне свабоднай і незалежнай прэсы, пішуць RSF.
Сярод ішнага, Беларусь ратыфікавала Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ўскладае на краіну абавязак выконваць Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека, і нашая краіна ёсць чальцом Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе (АБСЕ), прынцыпы якой гарантуюць свабоду выказвання думкі.
Роспуск БАЖ на такіх падставах сур’ёзна парушае міжнародныя абавязкі Беларусі, але гэта не стане сюрпрызам: кіраўнік юрыдычнай службы RSF Пол Копан піша, што ўрад Беларусі «прывучыў» да такога пасля года сістэматычных рэпрэсіяў супраць грамадзянскай супольнасці і журналістаў.
У рэйтынгу свабоды медыяў RSF Беларусь у 2021 годзе стаіць на 158-м месцы са 180 – гэта лепш за Судан ці Самалі, але горш за Руанду і Узбекістан.
Суд аб ліквідацыі БАЖ меў прайсці 11 жніўня, але яго адклалі: асацыяцыя мае абскардзіць папярэджанне Міністэрства юстыцыі 23 жніўня, а суд аб ліквідацыі мае аднавіцца 27 жніўня.
АА belsat.eu