Сахашчык адказаў украінскаму дэпутату пра непрызнанне Ціханоўскай: «Трэба раздзяляць рэжым і народ»

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў абароне Валерый Сахашчык у інтэрв’ю ўкраінскаму журналісту Васылю Галаванаву пракаментаваў словы кіраўніка камітэту ў вонкавых справах Вярхоўнай Рады Украіны Аляксандра Мэрэжкі аб тым, што Украіна не прызнае Кабінет Святланы Ціханоўскай, бо мае «сумневы» ў палітычных пазіцыях Ціханоўскай.

Валерый Сахашчык у інтэрв’ю расказаў пра абвешчаны ў Беларусі «рэжым контртэрарыстычнай аперацыі» і нагадаў пра тое, чым у мінулы раз скончылася збіранне войскаў на беларуска-ўкраінскай мяжы – поўнамаштабным нападам Расеі на Украіну ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Паводле Сахашчыка, рэжым «рэжым контртэрарыстычнай аперацыі» можа папярэднічаць правакацыі, якая стане нагодай для новага нападу.

Ідэя Уладзіміра Зяленскага з міжнароднымі назіральнікамі на мяжы Сахашчыку здаецца добрай. Разам з тым, Сахашчык лічыць, што Аляксандр Лукашэнка да апошняга цягнуць і будзе выкарыстоўваць усе магчымасці, каб не выпраўляць беларускія войскі ва Украіну. На думку Сахашчыка, «Лукашэнка – далёка не глупы чалавек», таму Лукашэнка разглядае і варыянты, у якіх Уладзімір Пуцін прайграе вайну ва Украіне.

Сахашчык заявіў, што агулам народ Беларусі хоча жыць мірна і сябраваць з украінцамі, не прымае вайну і не лічыць украінцаў ворагамі, але ёсць невялікая колькасць афіцэраў беларускай арміі, якія «рвалася яшчэ ў лютым-сакавіку штурмаваць Кіеў», бо «ў любой краіне ёсць людзі, якія не сябруюць з галавой».

Валерый Сахашчык асцярог беларускіх вайскоўцаў ад удзелу ў расейскай агрэсіі супраць Украіны

На 23-й хвіліне інтэрв’ю Сахашчык пракаментаваў заяву ўкраінскага дэпутата Аляксандра Мэрэжкі адносна непрызнання Украінай кабінету Святланы Ціханоўскай:

«Слухайце, я маю занадта малы досвед прысутнасці ў палітыцы, каб выступаць экспертам і неяк там уступаць у спрэчкі з такім паважаным чалавекам. Разам з тым, маё асабістае меркаванне – што гэта нейкая памылка і, не ведаю, выснова, зробленая на падставе не да канца вывучанай сітуацыі або нейкіх непраўдзівых фактаў. Я думаю, гэта сітуацыя будзе неяк папраўленая. У любым выпадку, нашыя народы павінны быць разам. Ва ўкраінскага народу няма ніякіх падставаў казаць, што беларускі народ з’яўляецца здраднікам, там нанёс удар у спіну і гэтак далей».

«Вельмі многія палітыкі Украіны выказваюць мудрыя думкі пра тое, што трэба раздзяляць рэжым, які правіць цяпер у Беларусі, і беларускі народ. Гэта сапраўды так. І мне здаецца, што дзеянні, якія вядуць да расколу паміж народамі, гэта дэструктыўныя дзеянні», – заявіў Сахашчык.

Ён дадаў: можна спрачацца аб легітымнасці Ціханоўскай, можна крытыкаваць дзейнасць кабінету, бо ён і сам мае «некаторыя пытанні», але трэба абмяркоўваць гэта і прыходзіць да рацыянальных рашэнняў, выпраўляць памылкі і рухацца наперад, бо беларускі і ўкраінскі народы мусяць быць разам – «ад гэтага выйграюць усе».

Сахашчык расказаў, што шмат часу правёў ва Украіне з лютага 2022 года, бачыў розныя настроі. Калі б законы Украіны аб замежных ваярах былі б лепей прапрацаваныя, то «беларусаў за Украіну зараз ваявала б на парадак больш», сказаў ён, і сама Украіна стварыла перашкоды для таго, каб замежнікі «рэалізавалі свой патэнцыял».

«Простыя беларусы ў любым разе выразна разумеюць, хто агрэсар, хто вядзе айчынную вайну, і сімпатыі беларусаў дакладна на баку ўкраінскага народу. Беларусы вельмі сур’ёзна дапамагаюць украінцам як ва Украіне, так і ў Еўропе, як толькі могуць», – запэўніў Сахашчык.

Ён рэзюмаваў: «Жыць у атачэнні ворагаў – кепская гісторыя». Лепей мець добрага суседа, з якім можна весці справы і адчуваць сябе бяспечна.

За 8 гадзінаў з публікацыі інтэрв’ю на Youtube набрала амаль 400 тысяч праглядаў.

«Мы прапануем збудаваць альянс з дэмакратычнай Беларуссю». Ціханоўская звярнулася да Зяленскага

Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны