ЗСУ намагаюцца адцягнуць увагу ад Аўдзееўкі. Што адбываецца ва Украіне?

«Белсат» падводзіць вынікі 631-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 16 лістапада чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Артылерысты 65-й асобнай механізаванай брыгады ЗСУ на Запарожскім участку фронту, Украіна. Фота: Dmytro Smoliyenko / Ukrinform / ddp images / Forum

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра адбіццё сямі атак праціўніка каля населеных пунктаў Сынькоўка, Петрапаўлаўка і Іванаўка на паўночным усходзе Харкаўскай вобласці.

Купянскі і ліманскі кірункі: ЗСУ адбіла 7 атак

Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» гаворыць, што гэтых участках фронту ідуць баі мясцовага значэння. Між тым іншая крыніца – «Харьковское направление», сцвярджае, што расейцы прарвалі абарону ЗСУ ў ваколіцах Іванаўкі.

Адзначаецца, што прасоўванне адбылося пасля артылерыйскага ўдару, і цяпер баі ідуць на паўднёвым захадзе ад сяла. Такім чынам УС РФ перарэзалі дарогу на Кіслоўку і падышлі да чыгуначнай лініі.

У Міністэрстве абароны РФ заявілі, што самыя ўкраінцы на купянскім кірунку тройчы атакавалі каля населеных пунктаў Сынькоўка і Загаруйкаўка, але поспеху не дасягнулі.

На суседнім ліманскім кірунку фіксуюцца баі каля сёлаў Надзея і Дзіброва ў Луганскай вобласці. Зменаў па лініі фронту не зафіксавана.

«Адцягнуць сілы праціўніка». Бахмуцкі кірунак

У ваколіцах Бахмуту ініцыятыва за Узброенымі сіламі РФ, якія, паводле Генштабу ЗСУ, цягам дня шэсць разоў атакавалі каля сёлаў Клішчыеўка і Андрэеўка, але паўсюль былі спыненыя сіламі абароны Украіны.

Разам з тым асобныя крыніцы пішуць пра актывізацыю ўкраінскіх вайскоўцаў на поўдні кірунку ў ваколіцах гораду Горлаўка. Мяркуецца, што такім чынам ЗСУ адцягваюць сілы праціўніка з суседняга аўдзееўскага кірунку.

Актыўнасць ЗСУ ўскосна пацвярджае штодзённая зводка ад Мінабароны РФ, у якой гаворыцца пра 14 атак украінцаў у цэнтральнай і паўночнай частках Данецкай вобласці.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі. Танкі расейцаў – адбітыя

На самім аўдзееўскім кірунку працягваецца наступальная аперацыя УС РФ, якія імкнуцца атачыць аднайменны горад.

Украінскае камандаванне піша пра 18 няўдалых атак праціўніка каля населеных пунктаў Новакалінавае, Аўдзееўка і Первамайскае. Між тым аналітыкі праекту Deepstate паведамляюць аб прасоўванні расейцаў каля Новакалінавага.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы ўдзельнічаюць у вучэннях супрацьпаветранай абароны падчас вайны з Расеяй. Чарнігаўская вобласць, Украіна. 11 лістапада 2023 года. Фота: Gleb Garanich / Reuters / Forum

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў фіксуе поспехі войскаў РФ каля сяла Стэпавое і Аўдзееўскага коксахімічнага заводу. Прарасейскі тэлеграм-канал «Фронтовая птичка» удакладняе, што ў ваколіцах Стэпавога прасоўванні адбыліся на поўначы і паўночным захадзе ад сяла.

На захадзе ад Данецку расейцы вядуць штурмавыя дзеянні каля населеных пунктаў Мар’інка і Новаміхайлаўка, але поспеху не маюць: тут за содні ўкраінскія вайскоўцы адбілі 22 атакі праціўніка.

Бярдзянскі і мелітопальскі кірункі

На поўдні Данецкай вобласці Збройныя сілы Украіны адбілі шэсць атак праціўніка каля сёлаў Прачыстаўка і Старамаёрскае. Адсутнасць зменаў па фронце на бярдзянскім кірунку фіксуе і Сямён Пегаў.

На мелітопальскім кірунку расейцы штурмавалі пазіцыі ЗСУ каля сяла Навадараўка ў Запарожскай вобласці, але прасунуцца не здолелі. Самыя ўкраінцы атакуюць каля сёлаў Работына і Вэрбовае – таксама без поспеху.

Акрамя гэтага працягваюцца баі каля сяла Пяціхаткі.

Херсонскі кірунак. Сустрэчныя баі

На херсонскім кірунку ідуць сустрэчныя баі на левым беразе Дняпра каля населеных пунктаў Пойма, Пішчанаўка і Крынкі.

У тэлеграм-канале 46-й аэрамабільнай брыгады ЗСУ пішуць, што сілы абароны краіны пакінулі частку невялікіх плацдармаў на левабярэжжы, паколькі іх утрыманне не мела практычнага сэнсу.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Джон Кербі: ЗША выдаткавалі амаль усе сродкі, вылучаныя на падтрыманне Украіны

Наталля Кулыгіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны