Кіраўніца Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен паведаміла ў Twitter, што Еўразвяз вылучае вакцыны для краінаў «Усходняга партнёрства», а таксама збіраецца даставіць іх у Беларусь.
«ЕЗ падзяліўся з нашымі ўсходнімі партнёрамі 13 мільёнамі дозаў вакцыны. Будзе больш. Еўракамісія падпісала пагадненне на 35 мільёнаў еўраў з Польскім банкам развіцця пра павелічэнне паставак вакцынаў усходнім партнёрам. Мы даставім вакцыны і беларускаму народу таксама», – гаворыцца ў паведамленні Урзулі фон дэр Ляен.
The EU has shared 13 million vaccine doses with our Eastern partners. More will come.
The @EU_Commission signed a €35 million agreement with the Polish development bank, to step up the delivery of vaccines to Eastern Partners.
We will deliver vaccines to Belarus people too. pic.twitter.com/XJmGEcqADl
— Ursula von der Leyen (@vonderleyen) December 15, 2021
Саміт «Усходняга партнёрства» прайшоў у Бруселі 15 снежня. На ім прысутнічалі прэзідэнты і прэм’еры 27 краінаў ЕЗ і пяць з шасці краінаў «Усходняга партнёрства» – усе, акрамя Беларусі. Гэта Украіна, Грузія, Малдова, Азербайджан, Арменія. Беларусь сёлета прыпыніла свой удзел у праграме.
Якія менавіта вакцыны Еўразвяз хоча паставіць у Беларусь, не ўдакладняюць.
Сёння ў Беларусі можна прышчапіцца толькі вакцынаю «Sputnik V» расейскай ці беларускай вытворчасці ці кітайскай ад кампаніі «Sinopharm».
Яшчэ ў канцы кастрычніка Святлана Ціханоўская размаўляла з камісарам Еўразвязу Олівэрам Вархэі пра пытанне вакцынаў. Камісар ЕЗ тады паведаміў, што вакцыны ёсць у наяўнасці і Еўразвяз будзе шукаць шляхі, як даставіць іх у Беларусь. Офіс Святланы Ціханоўскай збіраўся правесці размовы з прадстаўнікамі Сусветнай арганізацыі здароўя і прапанаваць механізм перадачы вакцынаў.
ГГ, belsat.eu