У будаўніцтва кольцараскатнай вытворчасці БелАЗ укладзе агулам 194,8 млн рублёў. Гэта дазволіць у 2025 годзе вырабляць сталёвыя нарыхтоўкі для падшыпнікаў, шасцерняў і іншай прадукцыі дыяметрам да 3 метраў і масай да 3 тон, паведамляе прэс-служба прадпрыемства.
Сёння такая прадукцыя ў краіне не выпускаецца, то бок гэта імпартазамяшчальны праект. Увод завода дасць магчымасць забяспечыць нарыхтоўкамі вытворчасць буйнатанажных самазвалаў. Акрамя таго, плануецца, што іх можна будзе пастаўляць на экспарт у Расею, таму што яны выкарыстоўваюцца ў машынабудаванні, авіярухавікоў, атамнай энергетыцы, суднабудаванні і іншых галінах.
На прадпрыемстве гавораць, што асноўны аб’ём работ на абʼекце будзе завершаны ў 2024 годзе. Кантракты на пастаўку аўтаматызаванай лініі для вырабу кальцавых нарыхтовак і ўчастка тэрмічнай апрацоўкі заключаны яшчэ ў 2021 годзе. Цяпер абсталяванне ўжо вырабленае. Ідзе прыёмка, хутка яго даставяць у Оршу і пачнуць мантаж у новых цэхах.
СП, belsat.eu