Грамадскае аб’яднанне вядомае правядзеннем кінафестывалю «Watch Docs», фотавыставай пра барацьбу медыкаў з каронавірусам, праграмамі рэабілітацыі былых зняволеных і дапамогай адзінокім бацькам-алкаголікам.
Заснавальніца грамадскага аб’яднання «Звяно» Таццяна Гацура-Яворская паведаміла 17 студзня ў Facebook аб выніках разгляду скаргі на рашэнне аб ліквідацыі «Звяна»: скаргі не задаволілі, аб’яднанне ліквідуюць за «дыскрэдытоўную і экстрэмісцкую дзейнасць».
Таццяна Гацура-Яворская – адна з арганізатарак выставы «Машына дыхае, а я не». 5 красавіка 2021 года, праз некалькі дзён пасля закрыцця выставы, яе затрымалі, а ў яе ўдома і ў офісе «Звяна» правялі ператрус. Таццяну пратрымалі 10 дзён у следчым ізалятары, вызвалілі ў статусе падазраванай у «арганізацыі грубага парушэння парадку». 15 красавіка стала вядома, што мужа Таццяны Уладзіміра Яворскага збіраюцца дэпартаваць з Беларусі на 10 гадоў. Пасля гэтай інфармацыі ён зʼехаў з Беларусі ва Украіну.
«Звяно» было зарэгістраванае ў 2013 годзе, займалася асветніцкай дзейнасцю. Ладзіла фестываль дакументальнага кіно аб правах чалавека «Watch Docs» і ўганароўвала прэміяй беларускіх рэжысёраў-дакументалістаў, арганізоўвала праграму рэабілітацыі для былых зняволеных, прасоўвала змены ў алкагольнай палітыцы дзяржавы і прапаноўвала сядзелак для дзяцей адзінокіх бацькоў-алкаголікаў.
Міністэрства юстыцыі мела прэтэнзіі да маніторынгу «Звяном» працы сістэмы аховы здароўя ў час пандэміі. Гацура-Яворская не пагаджалася з тым, што маніторынг супярэчыў статуту арганізацыі.
АА belsat.eu