Дзяржаўны інтэрнэт-правайдар цяпер зможа аказваць і паслугі мабільнай сувязі паводле тэхналогіі LTE (4G). Што з інфраструктурай для 2G і 3G, невядома, але навіна з’явілася на тле «наезду» дзяржавы на аператара «А1».
Міністэрства сувязі Беларусі змяніла ўмовы ліцэнзіі для дзяржаўнай кампаніі «Белтэлекам»: цяпер тая мае права аказваць паслугі мабільнай сотавай сувязі. Гэтую сувязь паводле тэхналогіі LTE чацвёртага пакалення мабільнай сувязі кампанія мае развіваць у межах пагаднення з інфраструктурным аператарам «Беларускія воблачныя тэхналогіі («beCloud»).
«Белтэлекам» ужо аказвае паслугі тэлефоннай сувязі, доступу ў інтэрнэт (брэнды «ByFly» і «Ясна») і інтэрнэт-тэлевізіі («Zala» і «ЯснаЕ»)
«beCloud» сам не будуе 4G-сеткі, а толькі кантралюе сеткі, якія будуюць іншыя мабільныя аператары – без дазволу «beCloud» нельга запускаць 4G-сеткі. Праз гэта аператар «Velcom» (цяпер – «А1») доўгі час заставаўся без 4G, хоць заяўляў, што мае гатовую інфраструктуру.
«beCloud» напаўдзяржаўны: 51 % належаць дзяржаўнаму Нацыянальнаму цэнтру абмену трафікам, 49 % – кіпрскай кампаніі «Sabsicca Holdings LTD», якую звязваюць з сям’ёй Аляксандра Лукашэнкі.
Кампанія таксама з’яўляецца адзіным тэхнічным адміністратарам нацыянальных доменных зонаў Беларусі (.by і .бел). Акрамя таго, разам з дзяржаўным «Белтэлекамам» і дзяржаўным жа НЦАТ кампанія кантралюе міжсеткавы інтэрнэт-трафік.
Паводле Міністэрства сувязі, права на LTE «паскорыць рашэнне праблемы лічбавай няроўнасці ў доступе да сучасных паслугаў электрасувязі гарадскога і сельскага насельніцтва, створыць новыя магчымасці для аказання патэнцыйным абанентам запатрабаваных канвергентных паслугаў, калі ў адным пакеце паслугаў сумяшчаюцца традыцыйныя паслугі стацыянарнай сувязі (тэлефон, доступ у сетку інтэрнэт, тэлевізія) і сотавай рухомай электрасувязі».
Ды якраз за няроўныя ўмовы «Белтэлекам» ужо шмат гадоў крытыкавалі: напрыклад, калі новыя будынкі падключаюць да тэлекамунікацыяў, там «аўтаматычна» падключаюць і тэлефон, і інтэрнэт ад «Белтэлекаму», а прыватныя правайдары трапляюць да спажыўцоў у другую чаргу. Хатні інтэрнэт у камплекце з мабільнай сувяззю прапануюць МТС і «А1».
У 2012 годзе «Белтэлекам» пачаў выкарыстоўваць 2G і 3G-сеткі аператара МТС для раздачы мабільнага інтэрнэту (але не сотавай тэлефоннай сувязі). 51 % беларускага МТС належаць «Белтэлекаму», 49 % – расейскаму МТС.
Ці будзе «Белтэлекам» выкарыстоўваць сеткі МТС і для сотавай сувязі, ці абмяжуецца толькі 4G, невядома. Аднак пакрыццё сеткамі 4G далёка не такое поўнае, як сеткамі 3G: LTE ловіцца толькі ў гарадах, а ахапіць гэтай сеткай усе рэгіёны толькі плануюць у 2022 годзе, таму для надзейнай тэлефоннай сувязі пакуль патрэбныя сеткі мінулых пакаленняў.
Навіна пра права «Белтэлекаму» на LTE з’явілася на тле «наезду» дзяржавы на мабільнага аператара «А1»: Лукашэнка загадаў «прыняць жорсткія меры» у дачыненні кампаніі, якая нібыта «у некаторым сэнсе злівала не той кантэнт і не туды».
Прэс-сакратара кампаніі Мікалая Брэдзелева затрымалі 10 снежня 2021 года, прымусілі запісаць «пакаяннае відэа», пакінулі ў ізалятары на Акрэсціна, не выставіўшы абвінавачвання. Брэдзелеў прызнаны палітычным зняволеным.
З прычыны затрымання Брэдзелава і «наезду» Лукашэнкі пайшлі чуткі аб тым, што дзяржава можа нацыяналізаваць «А1», якая ўваходзіць у «A1 Telekom Austria Group».
АА belsat.eu